Нам дастаткова гэтага. Аднак існуе парода разумных жанчын, якія штодня сіляцца паказаць ― філасофскімі дысертацыямі, гераічнымі подзвігамі, перамогамі ў судовых справах, ― наяўнасць мазгоў і нервовай сістэмы, такіх самых, як у мужчынскага полу. Яны ўстаюць у поўны рост, адстойваюць сябе, напружваюць цягліцы і голас, засноўваюць ў Злучаных Штатах лігі дабрадзейнасці і кіруюць металургічнымі заводамі
*, становяцца інжынеркамі, эксперткамі ў фармальнай логіцы, чыноўніцамі, выбаршчыцамі, міністаркамі, а перадусім ― прэзідэнткамі ўсяго, над чым можна прэзідэнтстваваць. Не абавязкова брыдкія з твару (падобнае меркаванне ўжо сведчыць пра глыбінную мізагінію не толькі сярод мужчын, але таксама сярод прывабных і не надта разумных жанчын, якія бароняцца як могуць супраць тых, для каго прывабнасць не адзіная перавага), выказваюць пры гэтым пэўную абыякавасць датычна фізічнай прыгажосці. Калі аказваецца, што адна з тых прэзідэнтак звыш таго ведае, як выбраць памаду, якая гарманічна пасуе да бляску ейных чароўных вачэй, то гэта параджае бясконцы ступар, і яшчаркі выпаўзаюць са шчылін, каб паставіць пад пагрозу старадаўнія ідэі, якімі так зручна маніпуліраваць: жаночы разлад паміж прыгажосцю і духоўнай незалежнасцю на той падставе, што духоўная незалежнасць можа быць прыдатнай толькі ў кампенсацыю за няшчасце мець не самы мілы твар. Як так? Можна быць яшчэ і прывабнай? Але ж паглядзіце на гэтыя вусны, на гэтыя ладыжкі, нібыта ў іспанскай танцоркі... Прэзідэнтка ці ідэалагіня могуць даказаць сваю чалавечнасць і такім чынам памагчы
разбіць спрадвечнае заняволенне жанчыны, зрабіць так, каб паблажлівы, пачварны рогат мужчын застыў на іхніх вуснах, толькі з адной умовай: насіць сваю прыгажосць як выклік і як скандал, як рыцар носіць шпагу, захапляць пачуцці і сэрцы дастаткова доўга і адначасова з тым прывабліваць розумам.