Часцей за ўсё жанчыны скараюцца гэтаму плаўка-эратычнаму вобразу саміх сябе. Да гэтага іх заклікаюць зашмат намёкаў і жаданняў. Але яны таксама ўмеюць абараняцца. На ўласны манер. Бо ім добра вядома, што вусны ніяк не могуць быць люстэркам душы, што гэта ― хітрыкі мужчын, якія баяцца, абы жанчыны не сталі іхнімі сёстрамі. Яны вядуць барацьбу, але ўсё яшчэ жаноцкай зброяй: з арсенала макіяжу яны выбіраюць падводку і аловак для вачэй і грэбуюць правакацыйнай памадай. Яны робяцца празрыстымі, іх вочы буйнеюць, а вусны губляюць колер, паводле леташняга загаду цяперашняй імператрыцы індустрыі прыгажосці
*, хоць задоўга да гэтага падобным спосабам інстынктыўна фарбаваліся маладзенькія экзістэнцыялісткі з кафэ Мабіён, як таго хацеў, паводле вобразу каханай ім дзяўчыны, той нямецкі хлопчык, што траціў розум ад Баха і Гегеля. Некаторым з іх таксама вядома, што ў мужчынскім сэрцы ўплецены яшчэ адзін вобраз, яшчэ больш трывожны за Мэрылін, які дастаўся ім у спадчыну ― вобраз знатнай Дамы, схаванай пад вуаллю, з невялічкімі грудзямі і вузкімі сцёгнамі. Высакамерная, але апантаная думкамі пра каханне, яна натхняе на самыя прамяністыя пачуцці; імя ёй ― каралева Гінеўра з аповедаў пра Рыцараў Круглага Стала, Дантава Бэатрычэ, Дама з Адзінарогам з габеленаў у Клюні; менавіта яе праслаўлялі на сваіх карцінах і раннія фламандцы, і Жан Клуэ, і мастакі са школы Фантэнбло. Яе можна сустрэць у лясах і на берагах крыніц: чарот і трыснёг шэпчуць ёй свае таямніцы.
Зімні сезон 1954 года коратка спрабаваў уваскрэсіць Даму, ахутаўшы яе ў самыя вынаходлівыя адзенні з усходніх шаўкоў і дзікіх норак. Пакорлівыя жанчыны прынялі лінію Н
*: ператварыўшыся на далёкіх прынцэс ― двайной лініяй гузікаў, кроем ад галёнак і да самай шыі з адной толькі галавой, якая вынырвае, нібыта каштоўны вяночак ― яны схаваліся ад позіркаў. Такім чынам, зноў вельмі па-жаноцку, яны здолелі абараніцца супраць інфляцыі Мэрылін, выказаўшы, што гаворка можа весціся пра іншае.
Але паколькі жаночая прыгажосць, пра што б гаворка ні вялася, усё адно пераплятаецца са светам жывёльным, то і вочы ― вочы-азёры, вочы стоенага запалу ― на жаноцкай мове становяцца вачыма козачкі, кошачкі ці газелі... хоць такім чынам мы раптоўна апынуліся ў іншым вымярэнні. Як быццам жанчына прагне праткнуць гэты кокан, куды яе спрабуюць запхнуць, і ўступіць у дыялог са светам. Жанчына-паэт, пра якую марыў Рэмбо, часам паднімае павекі, хоць не ўсведамляе гэтага і мяркуе, што тым самым проста трымаецца моды.