Я атрымаю жаданую смерць,
з яе карункамі зжаўцелага жалеза, з яе саламянымі дамкратамі.
Яна застане мяне ў даліне цюлю,
калі адзіная пяшчота дня
з’явіцца залатой змяёй,
святло ліючы на пятым удары гадзінніка.
Тады чароўная птушка, агорнутая мантыяй паўстання,
выдасць жамчужны санэт са слоў
бразготкі, мокрай пад ветрам.
Сонца не будзе свяціць,
каб ценем сваім засведчыць маю худзізну.
Пайшлі, мае добрыя коні!
Узніміце мяне на свае гранітныя плечы.
Звяжыце мае астылыя запясці:
у прыцемках лес раскрываецца, як пучок чырвоных бабоў,
і мяне чакае паток моцнага сіняга віна.
Цішыня адчыняе дзверы, яны ўрэшце становяцца вадкімі,
быццам акружаныя пашчамі ночы.
Самы апошні белы вяпрук,
якога спужаю, паварочваецца спіной.
Хто шукае, хай сыйдзе адсюль.
Не цела юнака я пакіну,
галава ў ручаі, ногі з пунсовага перламутру,
у форме Вялікага Парасона.