Міхал Клімаў

Каханне паэзія, погляд здалёк

Пра сюррэалісцкае пісьмо па-беларуску
Сюррэалісцкае пісьмо паўстала ў беларускай мове з дзівоснай лёгкасцю. Тое моўнае вымярэнне, у якім разгортваецца жыццё вершаў Элюара, нібы ўвесь час было там, але, каб усвядоміць яго прысутнасць, быў патрэбны нейкі рух у яго напрамку, адпаведны ключ, вырашэнне, геніяльнае ў сваёй натуральнасці, якім для мяне і явілася паэзія Элюара. У нейкім сэнсе Каханне паэзія — сапраўдны gateway drug да літаратурнага сюррэалізму.
Словы не могуць ілгаць. Элюар жа немагчыма шчыры да сваіх вершаў. Такая ўзаемная адкрытасць стварае гладкую стартавую паверхню, па якой ён выбухам імчыць адразу ва ўсе бакі, насустрач (чаму? практычнай ісціне? сутнасці кахання? на бясконцасці ўсе лініі сыходзяцца). Трапяткія ілюстрацыі, што акампаніруюць вершам, павольна накіроўваюць у адпаведны бок. Амаль незаўважнымі дотыкамі Элюар надае словам новую мэту, выстройвае іх у адноўлены парадак, па якому нясецца маланкай.

Праз вочы, вусны і блакітную, як апельсін, зямлю, мінаючы граматыку і логіку, да чытача прарываецца нешта, што больш нагадвае малюнак ці агулам нематэрыяльную выяву — вызваленая мова, здымак нічым не прыпыненага руху, імкнення, у якім стужка вобразаў ляціць наперад, пераадольваючы асабістае ззянне. Гэтая субсветлавая хуткасць успорвае, расхіствае прастору вакол сябе — з яе пункта адліку дакладныя арбіты скрыўляюцца, а адлегласць паміж асобнымі літарамі разлятаецца на светлавыя годы. У той поўнай зор бездані і адбываецца цуд паэзіі Элюара. Намёк, жэст, імгненны росчырк — усё, што яму трэба, каб высечы мёд з зорнага мігцення.

Аднак якое параўнанне не было б выпушчанае ў бок Кахання паэзіі, ніводнае не дасягне канчатковай мэты. Асобныя вершы губляюць пачатак і канец, на іх месцы палае расцягнутае на ўвесь далягляд зараз. Каб зразумець паэзію Элюара, трэба пражыць тое, пра што ён піша. Ці не туды ляжыць шлях ружоваперстай Nadja? Да новых здабыткаў, да новых вымярэнняў і межаў мовы, яшчэ не выказаных, пакуль чакаючых вынаходніцтва. Гляджу на карабель, што застыў на гарызонце: ці тое сыходзіць ён у падарожжа, ці тое вяртаецца з новымі скарбамі? Ці тое трымцяць ветразі, ці то падымаюць святочныя сцягі? Магу спадзявацца на адно: шлях яго будзе доўгім.
У заключэнне: вось як успамінаў пра Элюара адзін з яго сучаснікаў: Ці трэба казаць пра Элюара-паэта? Ён быў сапраўдны паэт, ён быў сама паэзія, і справа, якой ён служыў з такім запалам, не змяніла яго паэтычнай сутнасці.

Але пару слоў я ўсё ж адважыўся сказаць.
Made on
Tilda