Жызэль Прасінос
Прывід Шатабрыяна

Gisèle Prassinos

Le spectre de Chateaubriand

Пераклад Веры Бакстэр
Звычайная размова
Une conversation
Пшанічнае поле.
На мужчыне — карункавая сарочка, вохравая з чырвонымі плямамі.
На кані — нічога. Да яго хваста прывязаны пачак запалак, з якога тырчаць вусікі коніка.
Мужчына сядзіць на белай падушцы з зялёнымі ўзорамі.
Конь сядзіць на мужчыне.

Мужчына: Ці не пагрэбавалі мы зялёным дыяментам?
Конь: Здаецца, нас закон абавязаў зрабіць так. А паколькі закон страціў сілу, то розум мой патрабуе згасіць свечкі.
Мужчына: Нагадаю табе, адбіццё божае, што чалавек не мае права патураць сваім падначаленым і што нават тэлефон адмаўляецца плаціць падаткі.
Конь: Зразумець — значыць страціць сілу.
Мужчына: Ну не, бо мы яшчэ не спрабавалі. Мы ўсё яшчэ можам, спроба не хвароба, так нават прасцей.
Конь: Не, не, не верце ў канкрэтныя рэчы, якія абяцаюць пакончыць з балбатнёй супраць уласнай годнасці. Развярэдзьце іх баязлівымі глупствамі, і самі ўбачыце, як рынуцца за намі.
Мужчына: На чорта? Хіба не хапае мне іншых дурасцей, каб ганяцца яшчэ за хвастом мільянера?
Конь: Каханая мая заўжды мяне цаніла!
Мужчына: Мяне таксама.
Конь: Мы з вамі з адной гары ўпалі.
Канечнасць за канечнасцю
Suite de membres
Яму надзвычай карціць хадзіць,звярнулася жанчына да суседкі. — Ён сказаў, што ўжо навучыўся хадзіць, а з ягонымі ножкамі за гадзіну і пяць кіламетраў можна агораць. Надоечы, калі я пражыла гарох, ён выпаў з маіх рук і давай бегаць па ўсім доме. Я была злякалася, каб ён не слізгануў пад дыван, але паколькі ножкі яго яшчэ не дастаюць да зямлі, то я ганяцца не стала. Такое шчасце, калі дзіцёнак упершыню становіцца на ногі! Яшчэ доўга нахвальвала яна сваё дзівоснае, на ейную думку, дзіця.

Але ён занадта малы, каб хадзіць, — з рогатам адказала суседка, — мой-то спачатку падрос, а толькі потым пабег, і з таго часу ён толькі двойчы хадзіў па каменьчыках.

Праўду кажу, занадта малы, малы-малы, — паўтарала суседка, пакуль маці, качаючы галавою, круцілася туды-сюды і сачыла за чымсьці на кухні. У такім узросце, — працягвала суседка, —дзіця на зямлю не ставяць. Так і глядзі, як ножкі ў яго заблытаюцца, то хірург можа і не паспець; такая ўжо малеча!

Так, спадарыня, зразумела, што малеча, — сказала маці. — Але ён сказаў мне, што калі я не апушчу яго на зямлю сёння ўдзень, ён пакоціцца сам у Батанічны сад. Ён нават прыгразіў мне, што возьме са скарбонкі грошы і змарнуе на хлеб для гусей. А зранку, яшчэ да сёмай гадзіны, ён пабудзіў мяне, каб я не забыла папраць яму берэцік, і я так больш і не заснула. Але я думаю паставіць яго на зямлю толькі на наступным тыдні. Будзе якраз Вялікдзень, я адпраўлю яго на імшу. Першы раз стаць на ножкі, каб пайсці ў царкву — справа богаспадобная.

Ох, спадарыня! — ускрыкнула суседка. — Перад царквою зашмат каменьчыкаў. Мой-то па каменьчыках толькі двойчы хадзіў. Я вам так скажу, спадарыня, вы з яго героя хочаце зрабіць, але ў вас не выйдзе: ён у вас яшчэ занадта малы.

Суседка зачыніла дзверы так моцна, што лопнулі дзве шыбы. Аскепкі даляцелі да самай кухні, куды нарэшце збегла жанчына. Яна плакала. Яна завіхалася на кухні, пражыла гарох і паглядала на гадзіннік. Муж вяртаецца роўна апоўдні. Гадзіннік паказваў адзінаццаць. Яшчэ гадзіну чакаць, — падумала жанчына і ўся пачырванела. Нарэшце з дванаццаццю ўдарамі гадзінніка на кухні з’явіўся тоўсты мужчына ў чырвонай фланелевай кашулі. Падышоўшы пацалаваць жонку, ён ненаўмысна піхнуў яе на гарачую канфорку. Яна прамаўчала. Сеўшы абедаць, ён сказаў: Нічога не ясі. Жанчына закрычала: Ах, не, не, проста наша дзіцё хутка навучыцца хадзіць! Ці думаеш... то-бок, што думаеш, ці добрая ідэя паслаць яго ў царкву на Вялікдзень? Раптам мужчыну ўзяў смех: Значыць, праз тры тыдні ён зможа дапамагчы мне ў цэху. Я навучу яго дрыляваць у дзвярах дзірачкі для замкоў. Павісла цішыня, і мужчына сышоў у добрым гуморы.

Увечары ён вярнуўся, гэтаксама павячэраў, і абое ляглі спаць.

Жанчына не магла заснуць. Яна не раз прачыналася і ганялася за камарамі, што ляталі па пакоі. Затым яна блукала па кухні, а вяртаючыся да ложка ў слязах, трэсла мужа за плечы. Той прачынаўся і цалаваў яе. Тады яна зноў лажылася спаць.

За дзень да Вялікадня жанчына пайшла да шаўца па новыя зялёныя пантофлі 43 памеру. Відаць, падрос ваш муж, — сказаў прыказчык, запісваючы заказ. Так, так, мне ўжо казалі, — адказала жанчына.

Ноччу ёй зноў не спалося. Яна паднялася на самым світанку, раней, чым звыкла, каб падрыхтаваць бялізну і вярбу. А восьмай гадзіне яна пабудзіла мужа. Абое выйшлі ў кухню. Пасунуўшы пліту, яны знайшлі белую драўляную скрыначку, пяшчотна і густоўна абклееную, быццам пісанка. Праз дзве шырокія адтуліны ў вечцы высунуліся дзве масіўныя канечнасці, заматаныя ў паласатыя шкарпэткі.

Яны паднялі скрыначку і паставілі яе на канапу. Затым жанчына напяла жоўтыя пантофлі на паласатыя шкарпэткі. Яна ўзяла скрыначку на рукі і паставіла перад дзвярыма, але паколькі ёй неставала сіл, то паклікала мужа, які выйшаў у адных падцяжках.

Ён размахнуўся і даў такога выспятка, што скрыначка імкліва паляцела ўніз па сходах.
Прывід Шатабрыяна
Le spectre de Chateaubriand
Сабака снаваў па левым ходніку на Ру-дэ-Сэн. Прывід Шатабрыяна, ззяючы агнём сваіх вантробаў, крочыў за ім следам, трымаючы парасон між ног.

Даволі доўга хадзілі яны падобным чынам. Дакрочыўшы да пусткі, што аддзяляе царкву святога Марціна ад ейнай званіцы, сабака павярнуўся, нюхнуў поўнага смугою паветра і перажагнаўся. Неўзабаве з’явіўся немалы натоўп лепрозных, нібы ахопленых ліхаманкай. Але паколькі ўсім вядома, што канец месяца — час малітваў, то лепрозныя ўсе ногі сабе стапталі з надзеяй суцішыць гнеў свайго начальніка. Начальнік іхні, на выгляд хворы, кіраваў сваім войскам без асаблівых цяжкасцей. Тым не менш прывід Шатабрыяна, высакародны і дзікі, вачэй не спускаў з гэтых няхітра звар’яцелых істот.

Урэшце сабака падняўся. Нервова прабег паўз натоўп, набраклы ягоным запалам.

Лепрозныя перад ім не зварухнуліся. Кожны з іх, калі той прабягаў міма, падміргваў і круціў у руках шпульку — доказ шляхетнай роўнасці. Усе па чарзе, абы не маўчаць, кідалі весці за руку таго, хто наперадзе. Ніхто не смеў кпіць з сабакі, бо помнілі пра ўразлівасць ягонай душы.

Мінуўшы рады, сабака падбег да прывіду; той, з усмешкай на твары, шапнуў яму лёганька колькі слоў. Разам яны пайшлі далей, пакінуўшы за спінамі доблеснае войска лепрозных дурняў, і цалкам годных таго.

Удвух яны дакрочылі да самай Бастыліі. Ні сабака, ні прывід і вокам не змаргнулі. Толькі сабака схамянуўся, каб вымавіць слова, адно толькі слова, бо вусны яго, размешчаныя між ноздраў, быццам бы склаліся ў слова дабрыдзень.

Ішлі. У пэўны момант прывід прысеў на парапет. Павялі размову пра аднаго шынкара, які замест цукру падаваў гасцям пап’е-машэ.

А дзясятай гадзіне сабака дастаў з камізэлькі хусцінку са срэбнай парчы, атрос яе амаль па-старасвецку і кінуў у раку. Хусцінка знікла з вачэй, а выплыўшы зноў, выцягнула за сабою чэрап буйвала, а за ім — нітку, змацаваную з толькі што ўбітым шахцёрскім калочкам.

На сонным беразе Сены, куды яшчэ не трапіла сонца, тулава буйвала скубла гарачую траўку. Сабака назіраў за гэтым — белы сабака, прытым пагружаны ў сон.

Прывід не прамінуў ціхутка збегчы, падабраўшы ногі пад сэрца. У наступны раз яго бачылі толькі ў дзень агляду лепрознага войска 22 лістапада 999 года.
Каментар
Жызэль Прасінос увайшла ў кола парыжскіх сюррэалістаў, бадай, раней за каго-кольвек у гісторыі руху. Ва ўзросце чатырнаццаці гадоў праз свайго брата, мастака Марыа Прасіноса, яна знаёміцца з Андрэ Брэтонам, які адразу захапляецца ёй, называючы каралевай Маб, наймудрэйшай сярод фей, а ва ўзросце пятнаццаці гадоў яна выпускае першы зборнік сваіх вершаў і апавяданняў, Конік з артрытам (La Sauterelle arthritique, 1935). Вельмі рана сфарміраваная творчая манера Прасінос, блізкай па духу да Леаноры Кэрынгтан і Мар’яны ван Хіртум, упісваецца ў агульную лінію распрацоўкі адметнай жаночай версіі сюррэалісцкага чорнага гумару. Вонкава захоўваючы правільную форму аповеду, аўтарка выбудоўвае яго на няспынным абвяржэнні чытацкіх чаканняў. Максімальна фрагментуючы аповед (у тым ліку пачынаючы яго in medias res), Прасінос пазбаўляе чытача зыходнага пункта для далейшай інтэрпрэтацыі, з дапамогай якога можна было б узнавіць цэласную карціну; больш за тое, лагічныя сувязі аповеду парушаюцца не толькі паміж фразамі, але і ўнутры іх. Такім чынам, тэкст робіцца невытлумачальным, непрадказальным, набліжаецца да абсурдысцкага анекдота, але які пры жаданні можа быць прачытаны і як тонкі сацыяльны каментар. Адносіны паміж сэнсам і бессэнсоўнасцю ў творчасці Прасінос, як і ролю чытача ў праясненні гэтых адносін, можна трапна рэзюмаваць рэплікай Каня з Размовы: Зразумець — значыць страціць сілу.

Тэкст Звычайная размова ўзяты са зборніка Конік з артрытам (1935). Тэкст Канечнасць за канечнасцю ўпершыню апублікаваны ў Дывертысменце Анры Парызо (1938), пасля ўвайшоў у зборнік апавяданняў Маніякальны агонь (Le feu maniaque, 1939). Тэкст Прывід Шатабрыяна быў апублікаваны без назвы ў часопісе Мінатаўр (№6, 1935), пасля ўвайшоў у зборнік Конік з артрытам. Звычайная размова і Канечнасць за канечнасцю таксама былі ўключаны Брэтонам у Анталогію чорнага гумару (1940).

Франсуа Рэнэ дэ Шатабрыян — французскі пісьменнік, прадвеснік рамантызму ў французскай літаратуры. Палкі абаронца каталіцкай веры, аўтар трактата Геній хрысціянства (1802). Раяліст.
Ман Рэй, Жызэль Прасінос чытае свае вершы сюррэалісцкай групе, 1935. Злева направа: стаяць Марыа Прасінос (брат аўтаркі), Анры Парызо, Бэнжамэн Перэ, Рэнэ Шар; сядзяць Андрэ Брэтон, Поль Элюар.