Віцезслаў Нэзвал
Прага з пальцамі дажджу

Vítězslav Nezval

Praha s prsty deště

Падборка вершаў / пераклад з чэшскай і каментар Паліны Давыдавай
Песня песняў
Píseň písní
Твае вочы два стрэлы ўсляпую
Два стрэлы ўсляпую якія не абмінулі мэты
Два стрэлы ўсляпую за рогам вуліцы якой я ішоў
Як вязень што шукае канец двара
Твае вочы дзве кірмашовыя свістулькі
Дзве каруселі ўдалечыні
Два званы
Дзве пячаткі
Твае вочы два напарсткі балігалову
Твае вочы два кляпы на вечнае маўчанне
Два плеценыя кошыкі
Дзве прабіркі
Дзве шасцярэнькі латуннага гадзінніка
Твае вочы дзве лотаці
Твае вочы дзве дакладныя рыфмы
Твае вочы два вайсковыя барабанчыкі
Два сумныя пахаванні два скокі з акна
Твае вочы дзве ночы без сну
Як аптэчныя вагі
Як дубальтовае ружжо
Як двойчы бывай
Твае вочы як дзве кветкі кактуса
Як адна гантэль
Як двухтомны раман
Як зламаная ружа
Як тропік рака з тропікам казларога
Як фальшывы дукат каля сапраўднага дуката
Як дзве завады
Як мора і зямля як блізняты як двойчы нясмелы ўздых
Твае вусны чырвоны ордэн
Перад якім шапкуюць і шыхтуюцца
Калі ты аддаляешся за табой раўнуй, направа
Ад кожнага хто табе прысягнуў
Твае вусны пяшчотныя аксаміткі
Якія ахвотна хіляцца да табакі
Выбух вулкана ружаў
Муха сонечнага ўдару
Твае вусны рыбкі што нерастуюць
Крэсіва з губкай
Млынок для прыпраў
Твае вусны дзве пачэсныя стужкі
Твае вусны жарынкі на якіх палю свае ўспаміны
І вялікая пажадлівая кветка
Пеўневы грэбень
Ранішняя садавінавая булачка
Твае вусны кроватачывы труфель
І летні вулей
Твае вусны загадкавая манаграма
Твае вусны чырвана нацёрты чаўнок
Твае вусны цукарніца
Але і поле маку-самасейкі сярод якога скульптуры
Твае вусны залаты калаўрот
Марское дно кратэр на Месяцы
Твае вусны схованка перлаў
Адмежаваная запаветам
Ракета ў агні
Вечка гадзінніка
Твае вусны зацьменне Месяца
Зацьменне Сонца
Зацьменне Венеры і Зямлі
Твае рукі нажніцы якімі пераразаеш мой сон
Твае рукі павучыныя
Але твае плечы трапечуць як паўлін
Твае рукі ледзяны кампрэс
Твае рукі пупышкі
Твае рукі кроплі дажджу
На грудзях што ўтвараюць вір
Твае грудзі марыва
Як порхаўка
Твае грудзі як цыклон пад якім хаваюцца два рубінавыя агні
Твае грудзі як асінае гняздо
Пясочны гадзіннік дзве жмені зерня
Змёрзлая птушка
Твае грудзі дзве алейныя лямпы
Дзве закладніцы перавязаныя па руках і нагах
Электрычныя стрэлы
Гарачыя вяршкі
Твае грудзі змеі што грэюцца на санцапёку
Два коркі на вадзе
Два самотныя грыбы
Твае грудзі настаўлены як дзікабраз
Твае адлётныя грудзі
Твае грудзі дзве камеліі ў руках ночы
Два галубы ў пальцах злодзея
Два дзьмухаўцы
Твае грудзі як двухгалосы велікодны званочак
Як апал
Як двойчы ўдар бізуном
Як маладая квяцістая капуста
Як два вузлы на хустцы
Як усход і захад Сонца як усход і захад Венеры і Юпітэра
Твой жывот клубкаватая маланка
З водарам падпаленых кудзераў
Твой жывот чаратовая лесвіца
Марская навальніца і найсумнейшая перашкода
Твой жывот істота з грэбенем індыка
Агромністая п’яўка
Коўзанне па галалёдзіцы
Твой жывот водная крапіва
Хрэнавы ліст або вогненны язык
Твой жывот млын
Кола для ламання канцавін
І млынавое кола для драблення тапельцаў
Белая вош з жаваламі сашчэпленымі для малітвы
Твой жывот адмучаная крэйда
Мяты хлеб распалены відэлец
Кенгуру што перазімаваў
Сляпое люстра і падводны вечар
Твой жывот цемра перад бурай
Сажалка пасярод маладзіковай ночы
Твой жывот з арганціну залітага чарнілам
Твая жаноцкасць цудоўны падман
Балотны агонь ці шалфей
Твая жаноцкасць расколатая вярбовая дудачка
Вільготнае закаханае вока
Страказа
Недатыка
Твая жаноцкасць святляк у сталіснай ружы
Ты як з бэжавай душы
Як з белых валокнаў азбесту распаленага на агні
Як з сумесі магноліевага цеста і цёмнай жытняй мукі
Як з чарвяточыны ружовага махагону
Твае ногі сустрэча дзвюх бліскавіц
Дзвюх павольных рэк
Двух сплінаў
Твае ногі як колаўроткі
Як выбухі магнію
Як халодныя ночы
Як доўгае ўраўненне
Твае ногі як п’яны збор вінаграду
Як танец порта
Твае ногі як вайна
Твае калені полымя літавальніка
Палёт матылька карабельны болт
Твае бакі кавалькада
Твае бакі Гейслерава трубка
Твае бакі сама лянівасць
Шум верацяна сцень альта
Твой лоб іскра
Твае зубы прэс
Твае вушы заблудныя пытальнікі
Твая шыя вадаспад
Ты як дзень што пераходзіць у ноч ноч што пераходзіць у дзень дзень што пераходзіць у марыва
Пражскія званы
Pražské zvony
Пражскія званы махаюць табе каб ты пакінула вітрыну
Пражскія званы махаюць табе каб ты зышла на вуліцы
Дзе я блукаю і шукаю спадарожніцу
Пражскія званы праводзяць тваё пахаванне
У маім сэрцы якое ўжо нікога не чакае
Пражскія званы водзяць мяне ўздоўж падрыхтаваных пастак
Пражскія званы склікаюць усіх вас
Каго я прыціскаў да сэрца не ведаўшы нават імені
Пражскія званы склікаюць усе кашэчыя вочы за якімі я пераступаў цераз парог
Дзе той гарбаты сляпец заўжды крывіўся
Пражскія званы склікаюць маіх сяброў
Пражскія званы склікаюць усе мае ўспаміны
Пражскія званы склікаюць той час калі б смерць не была злом
Пражскія званы склікаюць усе кулакі
Усе кулакі каб ударыць па чароўным шкле
Пражскія званы склікаюць усіх манашак
Каб адвернутыя ад любові
Паказалі белыя калені
Пражскія званы склікаюць усіх грэшніц
Да вокнаў якімі ходзіць лунацік
Пражскія званы склікаюць усіх дзяцей
Усіх дзяцей каб адначасна прамовіць сваё чаму
Над зоркай або над жаўранкам
Над жахлівай рэччу падобнай да пярыны
Пражскія званы склікаюць усіх шалёных меланхолікаў
Пражскія званы склікаюць усе зоркі якія губляе плынная ноч
Любая вузкая вуліца
Kterákoliv úzká ulice
Нешта паліцца
Амлет
Ці курчавая галава
Вецер вее
Смурод уцякае
Усімі вокнамі
Вуліцы
Вузкія як прыродазнаўчы кабінет
Матылёк губляе раўнавагу
Пераходзіш з ходніка на ходнік
Быццам гуляеш у шахматы
З лямпай у акне
З выпражаным канём
Трамвай едзе і мітусіцца
Як артэрыя
Істоты заспетай гарачкай
Гэтая вуліца каса
Схаваная на галаве
За рогам дзе вялікі горад
На галаве што чытае газету
На галаве што выдумвае якуюсь захапляльную і непраўдападобную гісторыю
Залатая вулачка
Zlatá ulička
Носчык знік
І ніхто не аб’явіўся
Ужо пяцьсот год
Каля дванаццаці валізак
Стаяць у чарзе над Аленевым ярам
З вокнамі
Бы таемны знак
Што дае газавы ліхтар
Камусьці хто скочыў
Камусьці хто добра схаваўся
І кіруецца зоркай
Камусьці хто вяртаецца
Штоноч
Каб хадзіць
З купэ ў купэ
Ад ліхтара да ліхтара
Ад жанчыны да жанчыны
Ад знака да знака
Камусьці хто не можа памерці
І блукае
Як у сне
Камусьці хто шукае
Цяжар скінуты
У зацішным месцы
Камусьці хто забыў што жыў
Камусьці хто шукае сваё страчанае стагоддзе
Прага з пальцамі дажджу
Praha s prsty deště

Я. Фюрту

Сэнс не ў тым
Не ў тым што можна высветліць хараством ці стылем
Гэта не Парахавая вежа не Старамесцкая плошча не Карлаў мост
Ані старая ані новая Прага
Сэнс не ў тым што можна зруйнаваць сэнс не ў тым што можна наноў пабудаваць
Сэнс не ў тваіх легендах сэнс не ў тваёй красе Прага
Нібы ты адзіная ў свеце нібы не зменішся нават калі цябе зруйнуюць
Твая паэзія складаная і я ўважліва яе разгадваю
Як разгадваем думкі ўлюбёных жанчын
Цябе нельга апісаць нельга намаляваць нельга ўбачыць у люстры
Я б цябе не пазнаў ды і ты б сама сябе не пазнала
Сэнс не ў тым
Сэнс не ў тым што можна сказаць рухавым языком што можна напісаць у даведніку
Усё ў тваёй сутнасці яе таемным парадку
У тым як сядзіць на тваім ілбе птушка
У тым як дзіця кліча маці ідучы ўздоўж барочнай скульптуры
У тым як едзе раварыст пад спеў балады
У тым як смярдзяць трамваі пад бомканне ларэтанскіх званоў
У тым як дурны густ мераецца з вокнамі тваіх складаў і касцёлаў
У тым як смакуецца сасіска ў сутарэннях часоў Трыццацігадовай вайны
У тым як кіпіць чэшская гаворка на бязлюднай плошчы
У тым як спрачаемся за тваю вартасць у краме кружэлак
У тым якая ты мёртвая на паштоўках што разносіць паштальён
У тым як змерваюць мажных жанчын якія носяць імёны тваіх вуліц
У тым як зіхаціць вяндліна калі сонца заходзіць за Пэтршын
Я адзін з тых мужчын і жанчын якіх люблю і якіх гіджуся
Я лепшы толькі тым што нічога не хачу і часам размаўляю шчыра
І яшчэ бясконцым захапленнем якое шукаю ў табе
Дачка надвячорка сённяшняга і старажытнага стогадовага
Нічога не хачу хіба што быць мовай
Твая мова твой апушчаны акардэон
Я мова як тваіх званоў так і твайго дажджу
Я мова як тваіх вінаграднікаў так і тваіх начлежак
Я мова як тваіх высахлых манашак так і тваіх шафёраў
Я мова як твайго выхваляння так і тваёй меланхоліі
Я мова як тваіх плавальных спаборніцтваў так і тваіх агульных школ
Я мова як тваіх афіцыянтаў так і твайго грыпу
Я мова як тваіх ружаў так і тваіх кілбасаў
Я мова як тваіх плеценых крэслаў так і тваіх вяселляў
Я мова як тваёй травы так і тваіх курантаў
Я мова як тваіх таксафонаў так і тваіх настаўніц фартэпіяна
Я мова як тваёй нядзельнай нуды так і тваіх вадаспускаў
Я мова як тваёй пажарнай трубы так і тваіх легендаў
Я толькі твая акрыялая мова
Якое расстанне
Калі я хачу ўслухоўвацца ў цябе і каб у сне
Ты з’явілася такой якую шматкроць зведаў якую дасюль не спазнаў
Каб ты з’явілася такой якой хачу цябе заўжды ведаць
Дасылаю будучаму пакаленню пэўны досвед і доўгі ўздых
Над няскончанай песняй якая мяне будзіць якая мяне люляе
Узгадайце мяне
Што я жыў і што хадзіў па Празе
Што вучыўся кахаць іначай чым дасюль кахалі
Што вучыўся кахаць як сяброўку як чужаземку
Што вучыўся кахаць вольным сэрцам вольнага мужчыны вольных сноў і мрояў
Што вучыўся кахаць як істота якой належыць будучыня
Што вучыўся кахаць як яе дасюль ніхто не кахаў
Як яе сын і як іншаземец
Плач і смех узруш усімі сваімі званамі
Як я намагаўся ўзрушваць усе званы памяці
Бо час ляціць і я б хацеў пра цябе яшчэ шмат сказаць
Час ляціць і я дасюль так мала пра цябе сказаў
Час ляціць як ластаўка і запальвае старыя зоркі над Прагай
Каментар
Віцезслаў Нэзвал з’яўляецца галоўнай асобай чэшскага сюррэалізму. У 1922 годзе Нэзвал становіцца ўдзельнікам суполкі Дэв’етсіл (Devětsil), якая засноўвае новы паэтычны кірунак, характэрны для чэшскай літаратуры, — паэтызм. У 1934 годзе пошукі паэтычнай мовы прыводзяць аўтара да сюррэалізму, У 1934 годзе Нэзвал стварае Групу сюррэалістаў ЧСР (Skupinu surrealistů v ČSR), якая існавала да 1938 года.

Перакладзеная падборка змяшчае вершы з двух найдасканалейшых сюррэалісцкіх твораў Нэзвала: верш Песня Песняў узяты са зборніка Жанчына ў множным ліку (Žena v množném čísle, 1936), астатнія — са зборніка Прага з пальцамі дажджу (Praha s prsty deště, 1936).

У вершы Песня песняў, які адсылае чытача да Песні Песняў Саламонавых, Нэзвал прыпадабняе логіку нанізвання метафар да біблейскага тэксту. У зборніку Прага з пальцамі дажджу пераважаюць гарадскія вобразы, напрыклад, пражскія званы, якія з’яўляюцца цэнтральным вобразам у аднайменным вершы. Пражскія званы склікаюць усе навакольныя адчуванні, метафарычнасць збіраецца па драбніцах. Верш Прага з пальцамі дажджу можна назваць няўлоўным прызнаннем у любові, пабудаваным на адмаўленнях, бо сэнс не ў тым.