Востраў Уайт заўсёды быў асаблівым месцам. Адлучаны ад Брытаніі вузкім пралівам, ён стаіць сярод заслон белых скал, безжыццёвы, змрочны — зямля марскіх прывідаў і амаль пазбаўленых колеру краявідаў. Пакінуўшы гэтыя няветлівыя берагі, на пачатку дваццатага стагоддзя на галоўны востраў З’яднанага Каралеўства прыбывае былы хлапчына з хору, пачынаючы паэт і перакладчык Дэвід Гэскайн. Бліскучы аўтадыдакт, перакананы інтэрнацыяналіст, малады паэт для паэтаў у пастцы небяспечнага віруса мовы, ён вандруе па гарадах і глухіх мястэчках Брытаніі як акцёр па найме і госць мастацкіх майстэрняў. Брытанія невыносна марудных цягнікоў, затопленых палеткаў, ахінутых сырасцю пансіянатаў — туды ён выправіўся ў сваё нялёгкае, доўгае падарожжа.
Далікатная асоба, рана пасталелая здань, заўсёды на краі ўсіх паэтычных рухаў, у міжваенныя гады ён жыве паміж Лонданам і Парыжам, дзе знаёміцца з Андрэ Брэтонам, Сальвадорам Далі і Полем Элюарам. За кароткі час ён становіцца галоўным імпарцёрам сюррэалізму ў Брытанію. Гэскайн перакладае тэарэтычныя працы Брэтона, піша экперыментальную кнігу-даследаванне Вар’яцтва Гёльдэрліна і набывае нешматлікіх, але блізкіх аднадумцаў па англійскай сюррэалісцкай групе.
У той час Гэскайн будуе свой творчы падыход на сюррэалісцкіх асновах. Вызваленне бессвядомага і яго таямніц становіцца яго першаснай мэтай. Таго, што Гэскайн стварае, напрыклад, у апублікаваным у 1933 годзе вершы І сёмы сон быў сном Ізіды, ці ў наступным зборніку 1936 года, куды, сярод іншых, увайшлі Канец каля пачатку і Сама выява, англійская мова яшчэ не ведала. Гэскайн выкарыстоўвае снавідскі метад Брэтона, звяртаецца да выяўленчага мастацтва і да картэзіянскіх дзівосаў Магрыта ў форме словаў.
У 30-я гады сюррэалісты ў англійскай літаратуры былі ў адчайнай меншасці. Халодныя крытычная адзнакі творчасці Гэскайна і сюррэалісцкай групы здолелі маргіналізаваць іх у вачах чытачоў і адхіліць на другі план адносна іншых пісьменнікаў эпохі. Але абставіны не спыняюць паэта: у 1935 годзе ён выдае найкаштоўнейшую працу Кароткае даследванне сюррэалізму, куды ўваходзяць дасканалы агляд сюррэалісцкага руху, тлумачэнні першага і другога маніфестаў сюррэалізму, а таксама пераклады вершаў Андрэ Брэтона, Поля Элюара, Бэнжамэна Перэ і іншых. У 1936 ён становіцца цэнтральнай фігурай у правядзенні Міжнароднай выставы сюррэалізму ў Лондане.
Але пакаленне, што прыйшло з Дзіланам Томасам і пасля яго, у большасці прапусціла эксперыменты Гэскайна. У 40-х і 50-х гадах Гэскайн адмаўляецца ад арыгінальнага сюррэалісцкага падыходу. У гэты перыяд, у 1948, напісаны верш Арфей у пекле. Незаменныя страты і роспач апошніх гадоў пакідаюць на ім і яго творчасці сваю пячатку: нібы ў маладосці ён выпісаўся, а затым пачаў павольна вар’яцець, як Гэскайн сам скажа пазней. Цьмяная містыка, залатыя цуды світанку і доўгія ночы вар’яцтва, у якіх ён марна шукае нешта, але не можа знайсці. Але яго яркая ноч паволі гасне. Раз за разам ён губляе сябе ў адчайным вар’яцтве, раз за разам, ва ўсё вастрэйшым псіхозе, да апошняга немагчымага зрыву.
У 1975 Дэвід Гэскайн, амаль забыты сучаснікамі, знаходзіцца ў шпіталі Уайткрофт на востраве Уайт сярод невылечных псіхічнахворых. Апошнія дзесяць з лішнім гадоў ён правёў у сценах падобных устаноў. Яго спадчына поўніцца цішынёй, яго старыя вершы раскіданыя па нешматлікіх выданнях, сам ён — у заняпадзе. Джудзі Льюіс часта бывае ў тым шпіталі і часам чытае пацыентам вершы, каб аблегчыць іх пакуты. На гэты раз тое быў выпадкова знойдзены верш Верасеньскае сонца: 1947. Скончыўшы чытаць, праз момант, яна раптам пачула: Я паэт. Я Дэвід Гэскайн, я напісаў гэта.
Даўнішні пацыент, той, які, маўляў, назаўсёды страціў голас, глядзеў на яе празрыстымі вачыма і гаварыў ясна, нібы толькі што ўзгадаў сваё імя.
Вядома, даражэнькі, вядома, — здзіўленая, яна паспяшалася супакоіць яго.
Праз два гады Джудзі стане жонкай Дэвіда і лепшым яго сябрам да самага канца. З таго часу пачалося паступовае, запозненае прызнанне Дэвіда Гэскайна як адной з найважнейшых фігур англійскага сюррэалізму. З дапамогай таленавітага біёграфа Дэвіда Фрэйзера была адноўленая фантастычная гісторыя жыцця паэта, дзе было месца і трагічнаму каханню, і выпадку ў Елісейскім палацы, куды Гэскайн прарваўся, каб папярэдзіць прэзідэнта дэ Голя пра хуткі канец свету. Выдавец з Іст Фінчлі і дапытлівы кніжнік Алан Клод узяўся за пошукі і аб’яднанне творчасці паэта ў новым выданні 1988 года. Гэскайна зноў пачынаюць чытаць, а крытыкі, якія заўважылі яго, далучаюць яго імя да спісу ўплывовых брытанскіх паэтаў стагоддзя. Так Дэвід Гэскайн, з дапамогай трох чалавек і лёсу, вяртаецца да спакойнага жыцця пад незаходзячым верасеньскім сонцам сорак сёмага.
У Вар’яцтве Гёльдэрліна Гэскайн пісаў, што ёсць паэты і філосафы настальгіі і ночы. Трывожнай ночы, чые шляхі вядуць далёка за забытыя рэчы, загадкавыя сны і вар’яцтва. І ўсё ж ноч папярэднічае золку і поўніцца імкненнем да сонца. І паэты, такія, як Гёльдэрлін, такія, як Гэскайн, не спыняюць намаганняў зірнуць наперад, за межы сваёй ночы.
Трое ідуць па бязлюднай дарозе наўсцяж узбярэжжа вострава Уайт, каля Ньюпарта, а з імі чацвёрты, падобны на здань мінулага: высокі, крыху пахілены, але нязломлены, у руках яго — старэнькая ліра.
— Гэта праўда, што вы ведалі Макса Эрнста?
— Ці ведаў я яго? Ха! У 26-м мы з ім сядзелі за адным раялем...
— Ці памятаеце вы, як пазнаёміліся з Сальвадорам Далі?
— Ах, вядома! Ведаеце, калі ён гасціў у Лондане, мне аднойчы прыйшлося вызваляць яго з акваланга — ён чытаў у ім лекцыю і незнарок там замкнуўся...
І перад іх хадою расступаюцца белыя скалы вострава Уайт, і халоднае мора, і цяжкае, бяздоннае неба Брытаніі.