Артыкул апублікаваны ў
Сюррэалісцкай рэвалюцыі (№6, сакавік 1926). Падчас Першай сусветнай вайны Поль Элюар быў мабілізаваны ў якасці санітара, гэтаксама як Андрэ Брэтон, Луі Арагон і Тэадор Фрэнкель. Жах перад злачынствамі вайны, непасрэдна адчуты большасцю сюррэалістаў першага пакалення, абумовіў непрыязнасць да імперыялістычнай вайны як да лагічнага і неабходнага выніку развіцця заходняй капіталістычнай цывілізацыі. Адмаўляючыся ад любой падтрымкі буржуазнага грамадства, сюррэалісты заканамерна варожа ставяцца да сакралізацыі ахвяр вайны, чыя смерць становіцца сродкам палітычных маніпуляцый і выкарыстоўваецца дзеля апраўдання і падтрымкі рэваншызму. Таму невыпадкова, што рэалізацыя права на няўдзел, права на бунт фактычна прымае для сюррэалістаў форму грамадскага непадпарадкавання і дэзерцірства. Як пра гэта заяўлена
ў іншай дэкларацыі, напісанай з нагоды ўжо іншай вайны,
«нашы салдаты» маюць права не быць застрэленымі ў спіну (як і права не быць застрэленымі ў грудзі). Падобная пазіцыя застанецца дамінантнай у сюррэалісцкім руху да Другой сусветнай вайны.