Андрэ Брэтон
ДАДА на каньках

André Breton

Patinage DADA

Пераклад Веры Бакстэр
Мы чытаем часопісы, як і іншыя смертныя. Без думкі кагосьці пакрыўдзіць, нам дазволена сказаць, што слова ДАДА лёгка паддаецца каламбурам. Гэта ў пэўным сэнсе было прычынай таго, чаму мы яго прынялі. Мы не ўмеем ставіцца сур’ёзна да ніводнага пытання, тым пачай да такога, як мы самі. Такім чынам усё, што пішацца пра ДАДА, пішацца для нашай пацехі. Няма такой навіны, за якую мы не аддалі б усю нашу крытыку мастацтва. Нарэшце, ваенная прэса не перашкодзіла нам назваць маршала Фоша махляром, а прэзідэнта Ўілсана — ідыётам.

Мы хочам толькі таго, каб вы судзілі нас па нашай вонкавасці. Кажуць людзі, што я нашу акуляры. Калі я прызнаюся вам у прычыне гэтага, вы мне ні за што не паверыце. Я раблю гэта на памяць пра адзін прыклад з падручніка граматыкі: Насы існуюць для таго, каб насіць акуляры; таму я нашу акуляры. Што кажаце? Ну, што зробіш, старасць не радасць.
П’ер — чалавек. Але ісціны ДАДА няма. Варта вымавіць любую фразу, каб супрацьлеглая ёй фраза стала ДАДА. Я бачыў Трыстана Тцара, які жэстамі спрабаваў набыць скрыню цыгарэт у тытунёвай краме. Не ведаю, у чым там была справа. Я дагэтуль чую Філіпа Супо, які бадзяецца па крамах фарбаў і настырліва рэкламуе жывых птушак. Магчыма, я і сам зараз мрою.

Чырвоная аплатка не лепшая за аплатку белую. ДАДА не абяцае адправіць вас на неба. Апрыёры, што тычыцца літаратуры альбо жывапісу, то чакаць адмысловы ДАДА шэдэўр было б цалкам недарэчна. Натуральна, мы гэтаксама не верым у магчымасць якіх-кольвек грамадскіх паляпшэнняў, няхай нават мы больш за ўсё на свеце ненавідзім кансерватызм і абвяшчаем сябе прыхільнікамі любой рэвалюцыі, супраць чаго б тая ні была. Мір любой цаной — заклік ДАДА ў ваенны час, таксама як у мірны час заклік ДАДА — Вайна любой цаной.
Супярэчнасць — пакуль толькі вонкавасць, і, бясспрэчна, самая прыемная. Я не заўважаў за сабой ніякай прагнасці да славы: вам жа здаецца, што я хвалююся: якім чынам думка пра тое, што мой правы бок — толькі цень левага, і наадварот, зможа ўратаваць мяне ад поўнага параліча? Мы ўдаём з сябе паэтаў у найшырэйшым сэнсе гэтага слова, бо перадусім мы атакуем мову як найгоршую з умоўнасцей. Можна сто разоў паўтараць сабе Вітаю і вынікам сказаць Бывай жанчыне, спатканай пасля году разлукі.

ДАДА змагаецца з вамі вашымі ж аргументамі. Калі мы прыводзім вас да сцвярджэння, што выгадней верыць, чым не верыць у тое, што прапаведуюць безлічныя рэлігіі хараства, кахання, ісціны і справядлівасці, то гэта таму, што вы не баіцеся аддацца на літасць ДАДА, згаджаючыся сустрэць нас у выбранай намі прасторы — у прасторы сумнення.
Каментар
Маніфест быў апублікаваны ў маі 1920 у 13-м выпуску часопіса Літаратура, цалкам прысвечаным маніфестам дада. Перад тым тэкст быў зачытаны аўтарам на чарговай імпрэзе ў Салоне Незалежных 5 лютага таго ж года.

Маршал Фош — французскі военачальнік, герой Першай сусветнай вайны. Пасля вайны і падчас усёй Трэцяй рэспублікі статус Фоша ў французскім грамадстве быў амаль сакральным.

Ўудраў Ўілсан — прэзідэнт ЗША падчас Першай сусветнай вайны (1913-1921).

П’ер — чалавек. Але ісціны ДАДА няма. — Брэтон насмешліва перайначвае найвядомейшы сілагізм: Усе людзі смертныя. Сакрат — чалавек. Выходзіць, Сакрат смертны (пар. таксама з першай фразай маніфеста). У Брэтона імя Сакрата замяняецца на базавае французскае імя П’ер.
Made on
Tilda