Фэрнанда Арабаль
Святое прычасце

Fernando Arrabal

La communion solennelle

Пераклад Веры Бакстэр
Ноч.

Злева на сцэне пустая труна, два падсвечнікі і жалезны крыж.

Справа на лаўцы ляжыць святочны ўбор для дзяўчыны, якая рыхтуецца прыняць першае прычасце. Неверагодна барочная сукня.

На сцэне з’яўляюцца двое мужчын. Яны выносяць мёртвую, цалкам голую жанчыну, кладуць яе ў труну. Укленчваюць і моляцца. Чуваць ледзьве ўлоўны шэпт.

Раптам адзін з мужчын спыняе малітву і абарочваецца ўправа, за ім іншы. Яны выглядаюць спалохана.

Паспешна зачыняюць труну, узгрувашчваюць на плечы. Разам з труной збягаюць улева.

Паўза.

Справа следам за мужчынамі з’яўляецца некрафіл. На ім касцюм, адпаведны яго схільнасцям. Ён праходзіць праз сцэну і сыходзіць улева.

Паўза.

На сцэне з’яўляюцца дзяўчына (у адных майтках) і яе бабуля. Падыходзяць да лаўкі.

Падчас усёй дзеі бабуля паступова і вельмі рупліва апранае дзяўчыну ў святочны ўбор.
БАБУЛЯ. Сёння, дачка мая, найважнейшы дзень твайго жыцця. Да цябе ласкава сыдзе з нябёсаў сам Гасподзь Бог.
ДЗЯЎЧЫНА. Так, матулечка.
БАБУЛЯ. Цяпер ты амаль стала жанчынай. Ад сёння сваімі паводзінамі ты маеш быць узорам для іншых. Я навучыла цябе ўсяму, што мае знаць кожная жанчына. Аднойчы ты выйдзеш замуж...
ДЗЯЎЧЫНА. Праўда?
БАБУЛЯ. Праўда, дзіця маё, выйдзеш замуж і будзеш гонарам для мужа. Мужчыны не цэняць нічога вышэй за добрую гаспадыню, а ты якраз такая. Ты будзеш украсай любога мужчыны. Бо табе трэба ведаць: кожны мужчына, як толькі прачнецца з ранку, хоча, каб кашуля яго была чыстая і выпрасаваная, шкарпэткі ― без дзірак, а фалды на портках ― аж не прычапіцца. Ты будзеш сапраўднай жамчужынай. Бо і прасаваць ты ўжо ўмееш, і цыраваць, і гатаваць. А зараз, калі ты яшчэ і прымеш прычасце, то станеш ідэальнай хрысціянкай. А я ж ведаю, што ты будзеш узорнай гаспадыняй, праўда, дзіця маё?
ДЗЯЎЧЫНА. Так, матулечка.
БАБУЛЯ. Галоўнае ― кухня. Калі на кухні бруд, то і найчысцейшы дом ― свінушнік. Прыбірацца я цябе ўжо навучыла: талеркі ― ў буфет, абрус ― у шуфляду, анучкі ― па належных месцах, бо дзе не прыбрана, там недалёка да гразі. І посуд трэба мыць адразу па абедзе. Нішто не пакідае такі непрыемны след, як калі заходзіш на кухню і бачыш там горы брудных талерак у ракавіне і на сталах. Чаго варта вымыць пару талерак? Пару хвілінак. А ў выніку паглядзі сама, як у мяне прыгожа. Але, на жаль, я ўжо старэнькая і не магу прыбраць усюды, дзе хацела б. Разумееш мяне?
ДЗЯЎЧЫНА. Так, матулечка.
БАБУЛЯ. Бо ў мужчын шмат патрабаванняў. Кажуць, ім да таго няма справы, але што ні зварка, то ад таго, што жонка няхлюйка.
Справа з’яўляюцца двое мужчын з труной.

Бабуля і дзяўчына змаўкаюць і назіраюць.

Двое мужчын праходзяць праз сцэну справа налева і сыходзяць.

Паўза.

Справа следам за імі з’яўляецца некрафіл. У пахвіне ясна відаць набухласць.

Некрафіл праходзіць праз сцэну і сыходзіць улева.
БАБУЛЯ. Вось таму, дзіця маё, трэба заўсёды быць вельмі ахайнай і чысцюткай. Я ўжо сказала, што перш-наперш кухня, аднак і пра астатнія пакоі не забывай. Прайсціся пыласосам зранку ― справа адной хвіліны. Бачыш, гэтым на сваім вяку я і займаюся. Зрэшты, у наш час дамы праз жыллёвы крызіс сталі такімі малюткімі, што трымаць іх у парадку не так складана. Жах бярэ, калі заходзіш у дом, дзе шыбы ніхто не памыў, а пыл з шафы ніхто не працёр. Але ж я ведаю, што твой дом будзе ў парадку. Будзе, дзіця маё?
ДЗЯЎЧЫНА. Так, матулечка. (Паўза. Халодным тонам): А што гэта ў дзядзі, што зараз прайшоў, тырчэла пад жыватом?
БАБУЛЯ. (Халодна). Гэта яго чэлес. (Пауза). Бо шыбы, калі іх не мыеш, маюць жаласны выгляд. Памыць іх ― прасцей простага! Табе трэба будзе рабіць гэта прынамсі двойчы ці тройчы на тыдзень. Гэта зойме ўсяго некалькі хвілін, пагатоў гэта вельмі танна. Бярэш пару газетных лісткоў, мочыш вадой, праціраеш імі шыбы і ўбачыш... дзіва дзіўнае. І так прыемна потым глядзець на вуліцу. Муж ніколі таго не забудзе. Павер мне на слова, мужчыны страх як любяць падобныя дробязі, нават калі не паказваюць гэтага. Ты яшчэ надта маленькая, каб зразумець, на што здольныя мужчыны. Бо муж часцей за ўсё ідзе ад жонкі таму, што марыць пабачыць ні больш ні менш цёплы і чысты дом, калі вяртаецца з працы, а яго няма. Але ж я ведаю, што ты станеш такой, як я.
ДЗЯЎЧЫНА. Так, матулечка.
БАБУЛЯ. І таксама не забывай прыбіраць штодня пыл. Шмат часу не зойме. Па мэблі можна лёгка прайсціся анучкай. Толькі ў лянівых няхлюдніц на мэблі клубіцца пыл. Памятаю даўным-даўно, калі я сама была дзіцём, мая матуля прывяла мяне да адной нехлямяжай суседкі. На ейным буфеце было так шмат пылу, што я намалявала на ім ката. Ну і сорамна было той суседцы!
Дзяўчына смяецца.
БАБУЛЯ. Але ж я ведаю, што ты такой не будзеш. Ложкі ў цябе заўжды будуць засланымі, просціны без плямак, прыбіральня не смярдзючай, паркет бліскучым, абрус роўным, посуд памытым, бялізна на змену гатовай, шыбы празрыстымі, мэблі без ані часцінкі пылу, а смецце ў баку. Прытым добрай гаспадыні, такой, як ты, неабходна таксама помніць, што мужа, каб ён не пайшоў, трэба смачна харчаваць. Калі мужчына, прыйшоўшы з працы, бачыць перад сабой апетытную страву, то зробіць усё, што папросіць жанчына. Вядома, з цяперашнімі цэнамі не расстараешся, але добрая гаспадыня здольная на цуды, калі рукі з правільнага месца. А ў цябе з правільнага, хоць ты яшчэ дзяўчынка; калі выйдзеш замуж, то будзеш на вагу золата.
ДЗЯЎЧЫНА. Так, матулечка.
БАБУЛЯ. Калі жонка добра гатуе, то можа быць спакойнай: муж яе не пакіне. Ніколі не забывай.
Справа з’яўляюцца двое мужчын з труной.

Яны праходзяць праз сцэну і сыходзяць улева.

Паўза.

Справа з’яўляецца некрафіл. Паміж яго нагамі ўзнікае нешта падобнае на змяю. Ён праходзіць праз сцэну справа налева. Сыходзіць улева.
БАБУЛЯ. Цяпер ты бачыш, дзіця маё, што быць добрай гаспадыняй не так і складана. Асабліва калі скарыстаешся з маіх парад. Паглядзі, хоць я ўжо старэнькая і хадзіць мне цяжка, але дом мой блішчыць, як навюткі грош. Павер на слова, дзіця маё, няхлюдніцам няма апраўданняў. Няхай мэбля будзе і не надта раскошнай, бо ўсё-ткі ў нашы часы на такую не раскашэлішся, але запыленую ці брудную мэблю я дараваць не магу. За чысціню плаціць не трэба. Але ж трапляюцца такія ўжо задрыпы! Як толькі яны не чырванеюць ад сораму? Была б я на іх месцы, то не асмелілася б пускаць каго-небудзь на парог. Разумееш?
ДЗЯЎЧЫНА. Вельмі добра, матулечка. (Паўза, халодным і ледзьве цікаўным тонам). А чаму ў дзядзі цяпер такі вялікі чэлес?
БАБУЛЯ (Гэтаксама). Бо ў яго стаяк. (Паўза). Аднак ёсць адна рэч, якую цярпець аж ніяк нельга: калі твой муж курыць. Нішто так не губіць фіранкі, як цыгарэтны дым: былі белыя ― стануць жоўтыя. У рэшце рэшт і сцены, і ўвесь дом пачынаюць смярдзець. Да таго ж, для цябе гэта лішнія выдаткі. У мужа майго, твайго дзеда, царства яму нябеснае (жагнаецца), была такая прыхамаць, але я яго адвучыла. Кожны раз, калі я заспявала яго за цыгарэтай, я адразу расчыняла ўсе вокны, каб выветрыць тытунёвы пах, і няважна, ці то ў снег, ці то ў буру. Станавілася яму так халодна, што ён вырашыў кінуць. Першыя часы яшчэ спускаўся па цыгарэту ў скляпок, але вымушаны быў адмовіцца і ад гэтага. Ну, добра я прыдумала?
ДЗЯЎЧЫНА. Вельмі добра, матулечка.
БАБУЛЯ. Каб твой паркет заўжды блішчэў, прапаноўвай госцям тапкі; у сталовую не прапускай нікога, ў каго іх няма. Лепей жыць на кухні: там ты зможаш і паесці, і радыё за цыраваннем паслухаць. Сталовая мае быць беззаганна чыстай, каб па нядзелях прымаць там госцей. У іншыя дні прыкрый фатэлі чахламі. І паклапаціся пра сонечнае святло, абы мэбля не выцвіла. А калі да цябе прыйдуць госці, пастаў пасярэдзіне стала букет кветак. Будзеш рабіць усё, як я кажу?
ДЗЯЎЧЫНА. Так, матулечка.
БАБУЛЯ. Калі не забудзеш бедныя парады старой бабулі, то будзе ў цябе дом ― поўная чаша. Будзеце з мужам мне ўдзячныя да канца вашых дзён.
Двое мужчын з’яўляюцца справа, нясуць труну.

Адразу следам за імі з’яўляецца некрафіл. Змяя паміж яго нагамі стала яшчэ даўжэйшай.

Двое мужчын ставяць труну на зямлю і збягаюць.

Некрафіл накідваецца на труну, паднімае века.

Ён глядзіць на мёртвую ў захапленні.

Пачынае распранацца, павольна, быццам удзейнічае ў рытуале.

Перадае вопратку бабулі. Залазіць у труну.

Дзяўчына і бабуля ўважліва глядзяць. Нарэшце, дзяўчына цалкам апранулася ў святочны ўбор.

Пасля доўгага сузірання ўсяго, што адбываецца ў труне, бабуля і дзяўчына павольна ідуць улева.
ДЗЯЎЧЫНА (Халодна). Што ён робіць з мёртвай?
БАБУЛЯ. Спіць з ёю.
Дзяўчына і бабуля сыходзяць улева.

Голас бабулі губляецца ўдалечыні.
ГОЛАС БАБУЛІ. Сёння, калі ты атрымаеш першае прычасце, ты станеш сапраўднай жанчынай. Гасподзь Бог спусціцца да цябе ў сэрца і ачысціць ад усякай правіны...
Доўгая паўза. Зацямненне.

Дзяўчына з’яўляецца на сцэне ў святочным уборы і з нажом. Падыходзіць да труны, доўга разглядвае, што там адбываецца. Нарэшце, наносіць некалькі ўдараў у цела некрафіла.

Кроў пляміць яе сукню.

Яна смяецца.

Чырвоныя паветраныя шары ўзлятаюць з труны да месячнага святла.
Каментар
Пасля вымушанай эміграцыі з Іспаніі ў Францыю ў 1955 годзе, Фэрнанда Арабаль правёў некалькі гадоў на перыферыі сюррэалісцкай групы, якая зноў сфарміравалася ў Парыжы пасля Другой сусветнай вайны вакол нязменнага правадыра руху, Андрэ Брэтона. Менавіта ў сюррэалісцкі перыяд ствараюцца першыя тэатральныя эксперыменты Арабаля, выкрышталізоўваюцца тыя прыёмы і метады, якія лягуць у аснову яго правакатыўнага абсурдысцкага тэатра.

Аднаактная п’еса Святое прычасце была апублікаваная ў сюррэалісцкім часопісе Пралом (La Brèche, №4, люты 1963). Эскізы касцюмаў для пастаноўкі былі намаляваныя Жанам Бэнуа.