Літаратурная спадчына Жака Вашэ, якая пабачыла свет толькі пасля ягонай смерці дзякуючы намаганням сяброў, складаецца з 15 лістоў, адпраўленых з фронту і сабраных Андрэ Брэтонам, навэлы Крывавы сімвал, надрукаванай пад псеўданімам у другім нумары Сюррэалісцкай рэвалюцыі, і кароткага верша, перакладам якога дзелімся.
Верш быў уключаны ў першае выданне Ваенных лістоў, дзе датуецца 26 лістапада 1918. Такім чынам, беручы на веру датаванне Брэтона, мы можам разглядаць гэты верш як своеасаблівы творчы тэстамент Вашэ перад самагубствам (яно здарылася праз месяц, 9 студзеня 1919), як прыклад таго, якую форму магло б прыняць ягонае пісьмо — анейрычнае, насычанае протасюррэалісцкай вобразнасцю, дынамічнае і не пазбаўленае іроніі.