Дэкларацыя 27 студзеня 1925

Déclaration du 27 janvier 1925

Калектыўная дэкларацыя / пераклад Веры Бакстэр
Беручы пад увагу памылковае разуменне нашай дзейнасці, так глупа пашыранае сярод публікі,

Жадаючы даць водпаведзь усёй шапялявай крытыцы нашых дзён — літаратурнай, драматычнай, філасофскай, экзэгетычнай і нават тэалагічнай, — мы абвяшчаем:

1) Мы не маем нічога агульнага з літаратурай,
Але мы цалкам здольныя скарыстацца ёю пры патрэбе, як і іншыя.

2) СЮРРЭАЛІЗМ — не новы і не прасцейшы спосаб выказвання, ні нават метафізіка паэзіі;

Гэта сродак татальнага вызвалення духу

i ўсяго да яго падобнага.

3) Мы наважыліся на Рэвалюцыю.

4) Мы счапілі слова СЮРРЭАЛІЗМ са словам РЭВАЛЮЦЫЯ выключна дзеля дэманстрацыі бесстаронняга, безасабовага, нават зусім безнадзейнага характару гэтае рэвалюцыі.

5) Мы не прэтэндуем на тое, каб хоць на каліва змяніць норавы людзей, але мы прагнем паказаць ім хрупкасць іхніх думак, паказаць, на якіх рухомых апорах, на якіх пустотах яны ўгняздзілі свае хісткія дамкі.

6) Мы адрасуем Грамадству наступнае ўрачыстае папярэджанне:
Няхай сочыць за сваімі выбрыкамі, ніводным прамашкам ягонага духу спуску не дадзім.

7) Куды б ні ўвільнула ягоная думка, Грамадства сустрэне там нас.
8) Мы прафесіяналы Бунту.
Няма такога сродку дзеяння, якім мы не скарысталіся б пры патрэбе.

9) Асобна сцвярджаем для заходняму свету:

СЮРРЭАЛІЗМ існуе

— Але што ж гэта за новы ліпучы ізм?
СЮРРЭАЛІЗМ — не паэтычная форма.

Гэта крык духу, які павяртаецца да самога сябе, наважыўшыся ў парыве адчаю разбіць свае кайданы, пры патрэбе — не такімі ўжо абстрактнымі кувалдамі.

ад імя Бюро сюррэалісцкіх даследаванняў

вуліца Грэнэль, 15

Луі Арагон, Антанэн Арто, Жак Барон, Жаэ Буске, Ж[ак][ндрэ] Буафар, Андрэ Брэтон, Жан Карыў, Рэнэ Крэвэль, Рабэр Дэснос, Поль Элюар, Макс Эрнст, Т[эадор] Фрэнкэль, Франсіс Жэрар, Мішэль Лерыс, Жорж Лембур, Матыяс Любэк, Жорж Малкін, Андрэ Масон, Макс Марыз, Пер Навіль, Марсэль Ноль, Бэнжамэн Перэ, Рэмон Кено, Філіп Супо, Дэдэ Санбім, Ралан Цюаль

Каментар
Верагодны аўтар дэкларацыі — Антанэн Арто, тагачасны кіраўнік Бюро сюррэалісцкіх даследаванняў. Лаканічнасць, дасціпнасць і бяспрыкладны аптымістычны запал робяць Дэкларацыю адным з найважнейшых праграмных дакументаў ранняга сюррэалізму. Некаторыя дзеячы руху заявілі пра сваю падтрымку дэкларацыі post factum (напрыклад, Ражэ Вітрак).