Аднак парода продкаў атухла. Еўропа застывае і паволі ператвараецца ў мумію пад бінтамі сваіх межаў, заводаў, судоў, універсітэтаў. 3амарожаны Дух трэскае спаміж каменных маснічын, з якіх на ім ладзяць падлогу. І вінаватыя ў гэтым вашы спляснелыя сістэмы, ваша логіка два на два чатыры, вінаватыя ў гэтым вы, Рэктары, трапіўшыя ў сіло сілагізмаў. Вы вырабляеце інжынераў, суддзяў, дактароў, якія не зважаюць на сапраўдныя таямніцы цела і касмічныя законы быцця; невідушчых ілжэнавукоўцаў, якія няздольныя нічога ўбачыць пa той бок зямлі, філосафаў, якія пнуцца перабудаваць Дух. Нават найменшая дзея спантаннай творчасці ёсць больш складаным і патаемным светам, чымсьці якая-кольвечы метафізіка.
Адчапіцеся жа ад нас, панове: вы ўсяго толькі узурпатары. Па якім праве вы ўзяліся накіроўваць свядомасць і выпісваць дыпломы Духу?
Пра дух вы не ведаеце нічога, вы не заўважаеце ягоных найбольш утоеных, найбольш істотных адгалінаванняў, тых выкапнёвых адбіткаў, што гэтак блізкія да нашых уласных вытокаў, тых слядоў, што зрэдку нам шчасціць знайсці ў найцямнейшых пакладах нашага мозra.
Нават ад імя вашай логікі мы кажам вам: Жыццё смуродзіць, панове. 3ірніце на вашыя твары, паглядзіце і на вашу прадукцыю. Скрозь сіта вашых дыпломаў праходзіць змарнелая, згубленая моладзь. Свет паранены вамі, панове, і для гэтага свету тым нават лепей, але хай жа б ён крыху менш зважаў на вучоную галаву чалавецтва.