1. Памятай, што паэзія — толькі адна. Супрацьлегласць паэзіі — адмыслоўства прафесіяналаў.
Перш чым пачаць здымаць фільм, напішы верш, намалюй карціну, склей калаж, напішы раман, эсэ і г. д. Бо толькі дбанне пра ўніверсальнасць выразу гарантуе, што ты здымеш добры фільм.
2. Цалкам падпарадкуйся сваім маніям. Усё адно ў цябе няма нічога лепшага. Маніі — рэлікты дзяцінства. Менавіта з глыбіняў дзяцінства паходзяць найвялікшыя скарбы. Трэба несупынна мець браму адчыненай у гэтым кірунку. Я маю на ўвазе не згадкі, а адчуванні. Хай гэтая падземная рака вольна працякае тваім нутром. Засяродзься на ёй, але адначасова —максімальна разняволься. Калі здымаеш фільм, ты павінен думаць пра яго 24 гадзіны. Толькі тады ўсё тваё дзяцінства, усе твае маніі перамесцяцца ў фільм, а ты гэтага нават не заўважыш. Гэтак твой фільм стане трыумфам інфантылізму. А менавіта гэта і ёсць тваёй мэтай.
3. Выкарыстоўвай мультыплікацыю як магічную аперацыю. Мультыплікацыя — не руханне нежывымі рэчамі, а іх ажыўленне (анімацыя). Лепш кажучы, іх абуджэнне да жыцця. Перш чым ажывіць у фільме нейкі прадмет, імкніся спачатку яго зразумець. Не яго ўтылітарную функцыю, а яго нутраное жыццё. Рэчы, асабліва старыя, былі сведкамі розных падзеяў, лёсаў, якія пакінулі ў іх водціскі. Іх краналі людзі ў розных сітуацыях, апанаваныя рознымі эмоцыямі, і перадалі рэчам свае псіхічныя станы. Калі ты хочаш пасярэдніцтвам камеры ўвідочніць гэтыя схаваныя зместы, ты павінен да іх прыслухацца. Слухаць іх часам і некалькі гадоў запар. Спачатку зрабіся калекцыянерам, і толькі потым — кінематаграфістам.
Ажыўленне праз анімацыю павінна адбывацца натуральна. Яно павінна сыходзіць з рэчаў, а не з твайго жадання. Ніколі ня гвалці рэчы! Распавядай з дапамогай рэчаў не свае гісторыі, а іхнія.