Андрэй Дудко

Падай-ка мне крывавы абсцэс гэтай Nadja

Роздумы пра першае беларускае выдавецтва сюррэалісцкай літаратуры
Спроба другая: Выдавецтва-любоў-ядро (спачатку трэба чытаць спробу першую)
Калі мы чытаем тэксты сюррэалістаў, ці толькі тэксты мы чытаем? Ці разам з гэтым мы жадаем жыць тым жыццём, якім жылі сюррэалісты? Поўным творчасці, эксперыментаў над свядомасцю, сэксуальнага разняволення, свабоды выказвання, разбурэння ілюзій, што даходзіць часам да самаразбурэння (не толькі ў фізічным сэнсе, але і ў сэнсе заўсёднага стварэння новых сябе)? Канешне, жадаем. Сюррэалісты сімвалізуюць тое, чаго мы прагнем, да чаго цягнемся. Гэты рух нельга назваць паўнавартаснай мастацкай школай, бо залішне размаітым ён быў. Гэта вектар, гэта прага, гэта жаданне.

Таму з андэграўнда і контркультуры яны перамясціліся ўверх па лесвіцы ў падручнікі ды ўніверсітэты, не толькі праз асаблівасці капіталістычнай сістэмы, якая быццам асімілюе кожнае крытычнае выказванне і робіць з яго новы тавар, ці як там казала неамарксісцкая крытыка на гэты конт, а таму што — сапраўды, што там чытаць з дваццатых-трыццатых гадоў, не Ренэ Базэна ж з Жоржам Дзюамэлем? Няўжо нейкую там культуру вывучаць цікавей, чым контркультуру? Далоў афіцыёз!
Магчыма, рэдакцыя выдавецкай ініцыятывы ўспрымае дадаістаў як протасюррэалістаў, але ж мой ракурс іншы, і я ўспрымаю сюррэалістаў як постдадаістаў, і быў незвычайна ўсцешаны перакладам трох дадаісцкіх тэкстаў. Безумоўна, беларускі чытач мусіць, нарэшце, ведаць, што ДАДА — гэта ўвасабленне жыцця, і яно вінаваціць нас у снабізме, бо мы любім усё, што падвышаецца ў цане. Яшчэ беларускі чытач мусіць ведаць, што асоба здабывае чысціню толькі ў стане вар’яцтва, прытым вар’яцтва агрэсіўнага і поўнага, як сказана ў іншым маніфесце ДАДА, то-бок калі вар’яцтва агрэсіўнае і не поўнае, то гэта не ДАДА, ці калі поўнае, але не агрэсіўнае, то таксама не ДАДА. Спадзяюся, каб давесці гэта чытачу, рухавік Nadja яшчэ доўга не спыніцца.

Найбольшым дадаістам з усіх дасяжных на сайце сюррэалістаў з’яўляецца, безумоўна, Бэнжамэн Перэ, і ўвогуле — калі можна так сказаць — найбольшым протапанкам, бо робіць акцэнт на шчырасці творцы (пазней яе па-майстэрску інкарпараваў у маладую панк-субкультуру прад’юсар Малькальм Макларэн, які нездарма лічыў сябе паслядоўнікам сітуацыянізму, яшчэ аднаго постдадаісцкага-постсюррэалісцкага руху): Сюррэалізм выступае супраць мастацтва, бо мастацтва цалкам складаецца з ліслівых выкрутаў, што перадусім супярэчыць патрэбнай нам татальнай шчырасці. <...> Сюррэалізм не выступае супраць культуры. Ён сцвярджае, што культура не мае ніякага дачынення да стварэння чыста сюррэалісцкага твора ці наогул любога твора, на якім заўважны адбітак шчырай, сапраўднай і жывой асобы. Маю спадзеў пабачыць болей прозы і вершаў гэтага аўтара на беларускай мове.
Увогуле сам факт, што ў нас ёсць і будзе цэлае выдавецтва сюррэалістаў, выклікае ахуенне, бо сюррэалісты бясспрэчна заслугоўваюць уласнага выдавецтва. І трэба, каб у ім, як у Беларускім Кнігазборы, было выдадзена як найменей сто найменняў. Цікава, ці будуць выдадзены больш радыкальныя рэчы кшталту Я не ем таго хлеба Перэ, альбо Даследванняў сексуальнасці, альбо парадыйныя літаратуразнаўчыя трактаты кшталту Клавесіна Дзідро Ренэ Крэвэля ці Тэрору ў прыгожым пісьменстве Жана Палана, альбо рарытэтныя раманы-калажы Стабезгаловая жанчына і Тыдзень дабрыні Макса Эрнста — цікавых рэчаў той эпохі хапае, выдаўцу не абавязкова засяроджвацца на ўмоўна прыгожым баку сюррэалізму. Таму што кожны беларус мусіць дасканала ведаць літаратурную частку гэтага вялікага мастацкага руху, зараз амаль памерлага*, але так і не вывучанага нашым чытачом. Не толькі для таго, каб адчуць сябе ўключаным у еўрапейскую культуру, але і каб даведацца, што сюррэалізм не абмяжоўваецца протакіслотнымі вобразамі Сальвадора Далі (паўстаўшымі, дарэчы, з метафізічных пейзажаў Джорджа дэ Кірыка), але і наадварот, шмат у чым не мае з імі нічога агульнага.

А пасля згаданых ста выданняў, можа, дойдуць рукі і да постсюррэалістаў кшталту Фернанда Арабаля ці Ралана Тапора. Аднойчы я ішоў па польскай вулачцы, убачыў на вітрыне кніжнай крамы тлусты двухтомнік Ралана Тапора і падумаў: як выдатна, што ў Польшчы ёсць такі пераклад, і як кепска, што ў нас яго няма. Няхай следам з’явіцца выдавецтва дадаістаў, выдавецтва патафізікаў, выдавецтва сітуацыяністаў, а ў Парыжы на базе выдавецтва Gallimard адкрыецца выдавецкая ініцыятыва Myanye nyama, ой, ці, напрыклад, Praz galeReyu, якая будзе выдаваць толькі бум-бам-літаўцаў, бо кожная з’ява заслугоўвае свайго выдавецтва, усе прабелы мусяць быць зафарбаванымі.
Спроба першая: Каханне-працэс-паэзія (спачатку трэба чытаць спробу другую)
Каханне паэзія Поля Элюара — гэта не зусім кніга, ці нараджэнне-кніга, ці што-кольвек-кніга, гэта кніга-працэс, гэта алхімічная рэакцыя ў лабараторыі пісьменства, у якой мы стаім, адзетыя ў касцюмы хімабароны, з акулярамі з тлустага загартаванага шкла, і бачым, як у рэзультаце небывалых новых вопытаў адбываецца небывалая новая рэакцыя і нараджаецца небывалая новая часціца. Звычайны чытач любіць цвёрдую матэрыю і рэчы, зробленыя з гэтай матэрыі, каб іх можна было браць у рукі, мацаць, а назіраць за часціцамі любяць адно вучоныя, ці тыя шукальнікі прыгод, што хочуць дабрацца да ядра літаратуры і зразумець, з чаго яна складаецца. Бо ядро літаратуры, інстынктыўна ведае такі чытач-вучоны і чытач-шукальнік-прыгод, дае нам ключы з таблеткай ад дамафона таго пад’езда, дзе на апошнім паверсе жыве ядро чалавечага існавання, канчатковая тайна ўсіх тайн, тая жывая плазма, якая нараджае словы, а ці варта казаць, што без слоў немагчымыя думкі? Часціцы, здабытыя ў напружаным лабараторным вопыце (вучоны-паэт з гуртом асістэнтаў-чытачоў), сведчаць пра гэтую тайну, несучы адбітак яе святла ў маўклівую цемру гатовых вырабаў-прыбораў-рэчаў, якімі застаўлена лабараторыя.

Поль Элюар — далёка не адзіны вучоны, які ставіць свой вар’яцкі эксперымент па расшчапленні ядра літаратуры. Сюррэалісты спарадзілі магутную субкультуру, носьбіты якой адштурхоўваюцца ад адкрыццяў сваіх калег і лезуць адзін аднаму па галовах, вышэй і вышэй, да адной толькі ім бачнай кропкі, яна дзесьці там, дзесьці ў небе, дзесьці ў вышыні, ззяючая вяршыня тэксту, вечна ледзяная, снежна-белая шапка словаўтваральнай Джамалунгмы. Здабыць новую мову, новыя сэнсы, новую эстэтыку, і не спыняцца, працягваць здабываць, каб яна заўсёды мянялася, цякла, не дубела, не камянела і не рабілася сістэмай.
Пра адэкватнасць перакладу судзіць не вазьмуся, але ў пэўных месцах незразумела было, сюррэалізм гэта ці не. Выданне аздоблена арыгінальнымі прымітывісцкімі малюнкамі мастачкі Кацярыны Чуняк, што дадае кнізе дадатковую вартасць. Хто ведае, колькі грошай аддасць за яе праз шэсцьдзясят гадоў кніжнік-нашчадак Міхала Бараноўскага.

Свядомасць лірычнага героя плыткая, перацякае ў рэчы, у мроі каханай, колеры становяцца фігурамі, гукі — пахамі, жыццё-паэзія-любоў-каханне як адзін бясконцы арганізм пульсуе свядомасцю, розумам, пачуццямі, вобразамі, з катла на сюррэалісцкім вогнішчы зрэдчас выплюхваюцца на паперу словы, якія толькі здалёк, па краі, як рэліктавае выпраменьванне пра Сусвет, сведчаць пра першабытны булён, што іх стварае. Гэта і ёсць вершы Поля Элюара. Як пра іх яшчэ пісаць, не ведаю.

Па запаветах старэйшых, спатканне парасона і пішучай машынкі на хірургічным стале адбываецца амаль у кожным радку. Выцісканне з сябе новага, нечаканага, не раўнуючы паводле запавету Караткевіча, паценне новым, здыманне расы новага з ранішніх вершаваных палёў — стоадсоткавы мадэрнізм.

Каб рабіць новае, трэба самому зрабіцца новым. А рабіць гэта ўсё цяжэй з кожным годам: новага ўсё меней, і невядомае канчаецца.
Меркаванне рэдакцыі можа не супадаць з меркаваннем аўтара рэцэнзіі.
Made on
Tilda