Рэмон Кено
Вуж са слановай косці

Raymond Queneau

Le Tour de l’Ivoire

Пераклад Лізаветы Чыж
У засені дубоў ахопленых паразітамі
Дубоў поўных зеляніны мёртвых
Фіялетавы цень разлучае заняпад з даляглядамі
Ад самага пачатку чалавецтва
У засені дрэваў няма справядлівасці
Бо справядлівасць гэта сцярвятнік
Што вые па начах каб укласці спаць пакоі поўныя кахання
Пакоі смяротныя для немаўлят
У новым адзенні яна працягвае руку-заразу
Бедным прыгнечаным цемрай муроў
Нагляднікі равуць ад радасці смокчучы кайданкі
Халаднейшыя за царкоўны звон
Тлум кідаецца да так званых народных баляў гэта трэба прадбачыць
Справядлівасць справядлівасць
Яна ўрэшце задушыцца ў кашлі
Кот знік за ліпкім бардзюрам
Журботнае акно адчыняецца толькі каб згаснуць
Святло кранаецца целаў неасцярожнасць
Плача ды шлях шукае ўздоўж ліхтароў
Пакуль паліцэйскія лысеюць
Пакуль знікаюць вітражы капліц
Пад ціскам вільготных далоняў жанчын што ніколі не былі цнатлівіцамі
Для якіх кожны бульвар быў толькі запалам
Спытай шлях ды ніхто не адкажа
Плечы выгнаныя ў бясконцыя ночы
Міны задушаных ценяў
Люстры ўзрываюцца іскрамі далёкіх хваль
Дождж ліе без перапынку
Сокал кідаецца на разгубленага танцора
Прастора з лёгкасцю рушыць над металічнымі лясамі
Адкуль злятаюць вароны-музыкі з халоднымі лёсамі
Па-над хуткім пульсам пустак
Прыбітых да зямлі менгірамі
Аблокавымі пудзіламі народжанымі ці паміраючымі
Па-над змрочнымі дзявоцтвамі пустынь дзе засынае сонца
Сум гэтага дня сеў
Ахутаны секундамі як святар вошамі
Рухнуў шкілет пачвар
З пылу яго злятаюць птушкі белыя і залатыя
Радасць пер’я хуткасць крылаў
След каштоўнасцей уцёк з вачэй закаханых
Узрушаныя агні празрыстыя шыі
Пяшчотныя грудзі зорныя торсы
Пільныя вартаўнікі лагоднага світання
Світання крыштальнага світання вечнага
Пантэра з блакітнай поўсцю
Каханне нараджаецца з сустрэч васьміног з’ядае вясёлку
Духмяная сава хавае сваім крылом
Іранічных прывідаў і сябраў злачынства
Схілы счарнелыя абавязкам рассыпаюцца са стомы
І змрок ізноў расцёкся ўначы
Напісаўшы на сценах ЗАБАРОНА НЕ МАРЫЦЬ
Каментар
Паэма — выбітны прыклад сюррэалісцкай паэзіі і адзін з самых ранніх тэкстаў Кено — апублікаваная ў Сюррэалісцкай рэвалюцыі (№9-10, кастрычнік 1927). У назве паэмы аўтар скажае вядомую ідыёму la tour d’ivoire вежа са слановай косці, мяняючы род слова tour і тым самым надаючы яму новы сэнс абарот, паварот, вярчэнне, адным словам, усё, што тычыцца ідэі кругабегу, цыклічнага руху. Каб не толькі захаваць моўную гульню, але і не выкрэсліваць цалкам слова вежа, мы выкарысталі слова вуж.
Made on
Tilda