Вы прызнаныя вінаватымі; усім устаць. Прамоўца чакае, пакуль вы ўстанеце.
Устанеце, як перад Марсэльезай,
устанеце, як перад рускім гімнам,
устанеце, як перад God save the king,
устанеце, як перад штандарам.
Устанеце, нарэшце, перад ДАДА, увасабленнем жыцця, яно вінаваціць вас у снабізме: вы любіце ўсё, што падвышаецца ў цане.
Зноў паселі? Выдатна, так вы будзеце слухаць мяне больш уважліва.
Што вы робіце тут, у гэтым загоне, бы сур’ёзныя вустрыцы — бо вы ж людзі сур’ёзныя, праўда?
Сур’ёзныя, сур’ёзныя, смяротна сур’ёзныя.
Смерць — штука сур’ёзная, га?
Паміраюць альбо гераічна, альбо ідыятычна, што адно і тое ж. Адзінае бессмяротнае слова — смерць. Вы любіце смерць, абы толькі не ўласную.
Насмерць, насмерць, насмерць.
Адно грошы не ўміраюць, яны пускаюцца ў падарожжа.
Вось ваш Бог, персанаж шаноўны і сур’ёзны — грошы, сямействаў пашана. Пашану, пашану грашам; хто пры грашах, той і шаноўны.
Пашанай гандлююць, бы сракай. Срака, срака ёсць увасабленнем жыцця, бы смажаная бульба, а вы, сур’ёзнае спадарства, ад вас усіх смярдзіць, бы з-пад каровы.
А ДАДА нічым не смярдзіць, яно нішто, нішто, нішто.
Рыхтык вашы надзеі: нішто.
рыхтык вашы нябёсы: нішто
рыхтык вашы куміры: нішто
рыхтык вашы палітыкі: нішто
рыхтык вашы героі: нішто
рыхтык вашы мастакі: нішто
рыхтык вашы рэлігіі: нішто
Свістайце, гарлайце, хоць у морду дайце, мне што з таго? Пад канец скажу яшчэ, што ўсе вы ёлупы. Праз тры месяцы мы, то-бок я і мае сябры, будзем прадаваць вам нашы карціны за пару франкаў.