Бэнжамэн Перэ
Што такое сюррэалізм

Benjamin Péret

Ce que c'est que le surréalisme

Пераклад Веры Бакстэр
Для таго каб даць чытачам часопіса агульнае ўяўленне пра тое, чым ёсць сюррэалізм, я б прапанаваў ім азнаёміцца з інтэрв’ю, узятым у мяне прадстаўніком Бразільскага інфармагенцтва і надрукаваным у адным з апошніх нумароў часопіса Diario Nacional за мінулы месяц.

Аднак я ўважаю патрэбным зрабіць некалькі ўдакладненняў:

1. Сюррэалізм выступае супраць мастацтва, бо мастацтва цалкам складаецца з ліслівых выкрутаў, што перадусім супярэчыць патрэбнай нам татальнай шчырасці.

2. Сюррэалізм не выступае супраць логікі. Ён адмыслова яе пазбягае. Логіка не мае ніякага дачынення да паэзіі, што ліецца чыстай і спантаннай крыніцай толькі дзякуючы сюррэалізму. Гэта не азначае, што сюррэалістам нібыта бракуе інстынктыўнай логікі, якая ёсць прывілеяй кожнай нармальнай істоты.

3. Сюррэалізм не выступае супраць культуры. Ён сцвярджае, што культура не мае ніякага дачынення да стварэння чыста сюррэалісцкага твора ці наогул любога твора, на якім заўважны адбітак шчырай, сапраўднай і жывой асобы.
4. Сюррэалізм — спроба чыстай бескарыслівасці. Ніводны сюррэаліст не піша для публікі — то-бок з разлікам на поспех — і такім чынам не спрабуе ні дагадзіць ёй, ні абурыць яе. Сюррэалісты не ідуць на ўступкі агульнаму густу. У гэтым — іхні бунт супраць камерцыялізацыі свядомасці.

5. Аўтаматычнае пісьмо, аснова сюррэалісцкага метаду, вынікае наўпрост з фройдаўскага псіхааналізу. Фройд просіць сваіх пацыентаў казаць усё, што прыходзіць у галаву. Мы займаемся гэтым самым, не сціраючы нічога з напісанага і такім чынам загадзя абмінаючы кантроль розуму.

6. Мы выступаем супраць якіх-кольвек забабонаў і ставімся да іх з найвышэйшай пагардай. Мы адмаўляемся іх абмяркоўваць і адразу кінемся кпіць з ідыётаў, якія стануць іх бараніць.

7. Пакуль не даказана адваротнае, я лічу сюррэалізм адзінай вартай і бескарыслівай справай, бо толькі ён зможа прывесці да татальнага вызвалення духу. Сюррэалізм належыць усім, хто ўжо адчувае абсурднасць усіх накладзеных на чалавека абмежаванняў. Ён дазваляе людзям адкрыць сябе такімі, якімі яны ёсць напраўду — такімі, якімі яны мусяць быць.
Каментар
Артыкул быў апублікаваны ў часопісе Diario de São Paulo 7 сакавіка 1929 года падчас жыцця пісьменніка ў Бразіліі, дзе ён займаўся зборам тамтэйшага фальклору, арганізацыяй трацкісцкіх гурткоў і — між іншым — прапагандай сюррэалізму.

У адрозненні ад Андрэ Брэтона, які ў маніфестах схіляецца да мнагаслоўнага, мудрагелістага тэарэтызавання, Бэнжамэн Перэ ў сваім артыкуле дае лаканічнае, але пры гэтым цалкам слушнае азначэнне сюррэалісцкай практыцы ў тым выглядзе, у якім яна склалася напрыканцы 1920-х гадоў, адначасова ўносячы пэўныя карэктывы ў ейнае вульгарнае разуменне. Акрамя сцвярджэння агульных месцаў (іррацыянальны пачатак творчасці, антыбуржуазны характар, роля псіхааналізу), у тэксце звяртае на сябе ўвагу патрабаванне ад творцы татальнай шчырасці, якое гучыць на дзіва сучасна. Так, Перэ прапануе разглядаць сюррэалізм не толькі як мастацкі рух, але і як адмысловую этычную пазіцыю, як асаблівае маральнае стаўленне да сябе і да жыцця, неабходнае для дзейснага разнявольвання асобы.
Made on
Tilda