Вісэнтэ Уідобра, Ханс Арп
Ратуйце вашы вочы

Vicente Huidobro, Hans Arp

Salvad vuestros ojos

Пераклад з іспанскай Язэпа Самусевіча
Ратуйце вашы вочы
(постгістарычная навэла)
Гэта было на Раство, першага траўня. З неба падалі снежныя чалавекі і поўныя бочкі грымотаў. Па-над светам луналі тры непрамакальныя сэрцы: Свабода, Роўнасць, Братэрства. Быў апошні дзень новага года. Сентыментальнае дрэва ідэалізму, на якім гайдаліся гнёзды філосафаў-матэрыялістаў, было паваленае адным ударам сонечнага перуна.

Мужчыны ператварыліся ў вараныя цыбулі з зубачысткамі між пальцаў ног і са сцяжкамі свяшчэнных колераў у правай пятліцы левай нагавіцы. Дзесяццю хвілінамі пазней мужчыны зніклі, а апошняя жанчына ўсё яшчэ жавала свае ўсходнія пігулкі, седзячы на клавіятуры найвышэйшай гары Зямлі. Жанчына чымсьці нагадвала Ноеў Каўчэг, хаця ейная барада была крыху даўжэйшая, а ейны галубок — крыху карацейшы. Тым не менш у дзюбе свайго косага позірку яна трымала прыгожую галінку алівы. (Тая аліва ператварылася сёння ў шпільку на гальштуку адмысловых электразасцерагальнікаў).

Як чытач, напэўна, ужо здагадаўся, чалавечы род знік з зямной паверхні, і на яго месцы мы можам назіраць ладную і выкшталцоную гермафраметалічную кульку, не шырэйшую за паўвуха вячэрняга Анёлуса цара нябеснага і не даўжэйшую за Грынвіцкі мерыдыян а 6:40 раніцы.

Гэтая ладная і выкшталцоная істота абсалютна стандартызаваная і прадаецца за два франкі пяцьдзясят ва ўсіх добра ўкамплектаваных крамах. Аб’ём кожнай з істот не перавышае 25 кубічных сантыметраў. Калі ў выніку дыхання яна надзьмуваецца яшчэ болей, то складаецца ў дзве ці нават тры столкі, паводле абставінаў.
Тут мы павінны папярэдзіць чытача, дзеля лепшага разумення нашай гісторыі, што паасобку гэтыя істоты называюцца Антоніямі, тым часам як у гурце — Язэпамі. Іхныя жонкі завуцца Каралінамі, калі сукупнасць іхных кулек перавышае рост аднога метра, і Ружмарыямі, калі не перавышае.

Антоніі, якія ўжо даўным-даўно ў калектыўным авангардзе перасягнулі фізічную плашчыню нашага існавання і цалкам нас знішчылі; Антоніі, паўтараю, на тым месцы, дзе мы насілі накрухмаленыя вусы, носяць чароўныя зарады пераменнага току, якім уласцівы фанабэрысты жэст Вергіліева паказальніка, забыты ім у камлі дрэва за некалькі дзён да ягонай смерці. Гэта што да вусоў; што да астатніх валасоў, з дапамогаю якіх мы вызначалі дакладны час у любы момант дня і ночы: у іх такіх валасоў няма, але на іхным месцы ў іх растуць маленечкія вясёлкі, што ўмеюць спяваць, прычым кожная з іх агорнутая алюмініевым паўшар’ем.

Язэпы паводле свайго характару набліжаюцца да паладыю-36, які лягчэйшы за ваду й ейныя гончыя пароды. Язэпы празрыстыя, як стратасфэра перад адкрыццём Амерыкі. Яны ахутаныя кальцом дыму, што надае ім какетлівасці, грацыёзнасці й гігіенічнасці. Яны маюць надзвычайны талент да дэшыфроўкі іерогліфаў чалавечай эпохі. Гэтак яны дэшыфравалі адзін чароўны рэлігійны гімн, які мы тут прыводзім дзеля ўцехі й роздуму нашых адукаваных чытачоў:

Калі вы пакарысталіся вечнымі акулярамі з водарам метэарытаў для вашай Т8 альбо М15, вам ніколі не дапяць бясконцасці, не патрапіць у віхуру эліты элегантнага свету, ані не дагнаць афрыканскай яшчаркі, пераадолеўшы ўсе непераадольныя межы.

Дабрашчасныя, дзень славы з аголеным big Сатаной надышоў толькі пасля апоўначы, і ўсясветная рэпутацыя ягоных мочавывадных шляхоў шырыцца несупынна.

Якім бы ні было ваша новае бачанне прыбамбасаў, не пагаршайце становішча чуханнем свайго матроса, таму што гэты выключны орган дае вам абсалютную ўпэўненасць.

Калі лётныя чарапахі засцяць ваш зрок, калі ваш нос увесь пакрыты слязьмі й прыклеены да заўтра на сценку, а вашы вусны жвавыя, як пахавальная кантора альбо гатавальніцы й прапіхальніцы сцяблін, не палохайцеся. Гэта нязменна сведчыць пра сутнасць найвышэйшай тэмпэратуры.

Allons enfants de la patrie, ратуйце вочы матросаў.
Дзеля лепшага разумення нашай гісторыі, мы павінны прывесці зараз некаторыя падрабязнасці наконт Каралін і Ружмарый. Караліны — гэта гермафраметалічныя кулькі з нязменнай таліяй, чые рухомыя часткі абгорнутыя ахоўнымі стужкамі. Калі Караліны пачынаюць варочацца, то застаюцца халоднымі, бо гэтак дзейнічаюць лепш. Іхняя тэмпература значна вырастае, калі ціск уздзейнічае на іх змазачныя свомасці, але нечыстоты, якія пры гэтым выслізгваюць, не замінаюць іхняй эфектыўнасці. Караліны паглынаюць цяпло, і вельмі істотна спаражняць іх як мага часцей.

Ружмарыі — вычварэнкі. На сваёй траекторыі гэтым светам яны паглынаюць і вылучаюць вялікую колькасць нябесных вітамінаў. Такі ўнёсак у жыццёвы працэс можа быць забяспечаны выключна магнетызмам першай катэгорыі, што прадаецца ў запячатаных бідонах. Пячатка — перастрахоўка вашага як асабістага, так і эканамічнага жыцця.

Гэтыя істоты перайначылі свет, сцерлі з твару Зямлі кантыненты й моры. Аўстралія ператварылася ў суцэльны лямант, Еўропа сталася пятліцай пад ордэны туманных легіёнаў і ўзнагароды за постпаранаідальныя скокі. З Афрыкі зрабілі трохколерную гаўнільніцу для архаічнай электрычнасці сентыментальных, альбо венецыянскіх, напарфумаваных язмінам аэрапланаў і рэпрадуктараў мудрасці.

Тут мы павінны адзначыць, дзеля лепшага разумення нашай гісторыі, што адзінымі істотамі, якія засталіся гермафраметалічнымі кулькамі нясцёртымі, былі вавёркі. Гэтыя маленькія хваёвыя снобкі, гэтыя паядальніцы жалобы, гэтыя вытворцы сэрцавых рухавікоў, гэтыя самельеркі болю, гэтыя абезгалоўніцы сёстраў вялікіх інкаў, гэтыя вынаходніцы паўночнага ветру шпацыравалі па-над пустэльнямі рацыяналізму, насміхаючыся з гермафраметалічных кулек. Ім давалі панюхаць духмянай лаванды ды імітавалі крыкі й спевы пугачоў, гадзіннікаў і святароў — такім чынам кулькі дрыжалі перад прывідамі, як і мы. Ім падавалі сасіскі са зрушаным цэнтрам цяжару й паказвалі сарамотныя відовішчы з часоў тых рэвалюцый, калі буржуі яшчэ ўпарта бараніліся й прапагандвалі сваю ўльтрафіялетавую лепру. Тады кулькі чырванелі, а друшлякі, што ахоўвалі іх перад усякай метафізікай, пачыналі чхаць, як чарадзейныя казкі. Хто мог гарантаваць гермафраметалічным кулькам, што вавёркі не маюць кабалістычнай моцы і што вось-вось не створаць матэрыялістычных палеткаў, поўных незабудак і спавядальняў? Ах! Гэтыя маленькія здрадніцы й перакупніцы меланхоліі, гэтыя жрыцы добрага яства былі смяротнымі варагінямі Антанізму й Язэпізму, гігіены і матэматыкі.

З якой прычыны мы не згадалі пра Амерыку і Азію? Мусіла ж падобная нязгадка мець нейкую прычыну! Ды не было ніякай прычыны для падобнай нязгадкі. Амерыка ператварылася ў прапхнуты ўздых. Азія ж ператварылася ў субтыльны й ілюзіянісцкі блукальны агеньчык. Гэтак усе пяць кантынентаў перасталі брахаць уначы на Месяц.

Дзеля лепшага разумення нашай гісторыі, мы павінны апавесці чытачу, штó адбылося аднаго вечара O3Z7 года.
Ружмарыя шпацыравала па флюідальніх лясах, сузіраючы ў маленькіх люстэрках паходняў свае прыгожыя нетычэльныя вусны, калі раптам натрапіла на старую закінутую пячору. Цікаўнасць, гэтая даброць, уласцівая ліфтам і электрычным званкам, прымусіла яе пранікнуць у пячорныя лабірынты. Пасля доўгага блукання ў цемры яна знайшла сярод ружаў укамянелае мёртвае цела старога паветранага ваўка, з яшчэ цёплай люлькай у вуснах і з абпаленым нявіннымі сонцамі дагістарычнай філасофіі тварам.

Ружмарыя, адчуваючы Язэпаву генераторную прывабнасць і ягоныя геніталёвыя магніты, як і належыць у такіх выпадках, пабегла апавесці яму пра сваю знаходку. Агульнавядома, што Язэпы, дзякуючы сваёй вялікай спрактыкаванасці, несупыннаму ўдасканальванню сваіх прыладаў і выкшталцонасці метадаў іх выкарыстання, прадукуюць колькасць цяпла, здольную цалкам задаволіць любое патрабаванне. Адылі спрактыкаванасць, што раней нараджалася на самым канцы ўсякага белага валаска, а цяпер нараджаецца тры месяцы перад тым, як валасы пачнуць запускаць карані, навучыла Язэпаў пазбягаць небяспечных момантаў і з годнасцю даваць рады цяжкасцям з дапамогай звычайнага слізгання двух ізаляцыйных элементаў аднаго па адным, што забяспечвае іх належнай і трывалай аховай іхных найважнейшых інтымных свомасцяў і зводзіць на нуль любыя прыступы. Язэп, упэўнены ў сабе, пайшоў за Ружмарыяй углыб флюідальняга лесу й спусціўся з ёю на самае дно страчанай пячоры. Там, як і льга было прадбачыць, выбухнула дыскусія.

Клянуся табе, што гэта не стары паветраны воўк, — сказаў Язэп. — Гэта будучы невядомы жаўнер.
Абламіся, — усклікнула пагардлівая Ружмарыя, — няма сумневу, што гэта стары паветраны воўк; глядзі, як люлька дыміцца ў ягоных вуснах і як ягоныя рукі нагадваюць сваёй формай вымушанае прызямленне.
Не бачу я ў іх нейкага там вымучанага прызямлення, а што да нейкай там люлькі, то гэта нішто іншае, як камета, што звісае з ягонага рота, альбо, калі заўгодна, штосьці накшталт вогненных ванітаў, у каторых мне бачыцца компас, што адзначае дзевяноста гадоў з часу Язэпавага нараджэння. Я лічу, што гэта будучы невядомы жаўнер; зірні, як медалі буяюць на ягоным носе, і звярні ўвагу на ягоную саркастычную ўсмешку.
Ражна. Калі б гэта быў будучы невядомы жаўнер, ён падаваў бы яўныя прыкметы жыцця. Акрамя таго, гэта даказвала б, што войны яшчэ настануць у будучыні, а гэта, як ты сам ведаеш, грубая памылка навукі.
Я ніколі не сцвярджаў, што гэта невядомы жаўнер нашых будучых войнаў, не лічы мяне дурнем; кажу табе, што ён меўся змагацца ў войнах паміж людзьмі, але яму не ўдалося ажыццявіць сваёй мары, бо смерць заспела яго яшчэ да пачатку апошняй вайны.

Дзеля лепшага разумення нашай гісторыі, мы павінны паведаміць уважліваму чытачу, што гэтая жудасная дыскусія ўсхвалявала гарманічныя валокны будучага невядомага жаўнера, які растуліў свае мармуровыя вусны, выпусціў люльку й заспяваў гэтую цудоўную песеньку:

Бачыў я дзвюх вавёрак
У вопратцы маўрытанкаў.
Яны даілі магілу
Двума рычагамі танкаў.

Чаму парасон спусціўся
На голавы нам з нябёсаў?
З якой прычыны вавёркі
Лунаюць, нібы мяцёлкі?

Чаму вайна, якую я чакаю,
Схавалася ад нас у гушчы гаю?
Як толькі было праінтанаванае апошняе слова, пачуўся гарматны стрэл, а за ім капелюшовы стрэл. У той жа час уся пячора напоўнілася сталактытамі гонару.

З той самай прычыны Ружмарыя перавысіла вышыню аднаго метра й ператварылася ў Караліну, што прымусіла Язэпа выйсці з ёю з пячоры й завесці яе да Антонія, які цяпер больш ёй пасаваў, бо вядома, што Антоніі звычайна жэняцца з Каралінамі, тым часам як Язэпы — з Ружмарыямі.
Караліна й Антоній з радасным плачам абняліся пасярод даліны, якая круцілася вакол сваёй восі, быццам той ліст, што матляецца на завесах ветру, які праносіцца міма, не вітаючыся.

У гэтыя моманты кахання ў нашых рэвалюцыйных і постгістарычных істотах узнікла вартая жалю рэгрэсія ў кірунку гістарычных часоў. Валасатыя слёзы выцякалі з глыбіняў іхных кулек, слінавыя тэрмометры ўздымалі віхуры ў магмах іхных целаў. Яны церлі свае кулькі адна аб адну з шумам, які амаль нагадваў старажытныя пацалункі, і чатырнаццаць альфа-стрэлаў працялі іх у іхняй палкай вернасці навылёт, прыносячы ім незнаёмую й невытлумачальную асалоду.

Караліна, пазіраючы на Язэпа з атлантычным выглядам, усклікнула:

Выбачай, Язэпе, я не магу кахаць цябе, бо цябе — некалькі, а я ператварылася ў адналюбку.

Язэп анямеў і аслупянеў там, дзе стаяў, падобны да свяцільні горычы, з радыёактыўнымі вушамі, павернутымі ў бок далягляду. Перад такім відовішчам незраўнанай пяшчоты ён адчуў сябе падхопленым ультратангавым праменем, што зашпурнуў яго ў космас і сутыкнуў там з зацьменнем, у выніку чаго Язэп разбіўся на тысячу кавалкаў.

Вялізная маланка сышла з вышыняў і аддалілася, буйнеючы, нібы найпрыгажэйшая клятва ў каханні.

Тут мы павінны, дзеля лепшага разумення нашай гісторыі, скончыць нашую гісторыю.
Каментар
Зборнік Тры неабсяжныя навэлы (Tres inmensas novelas, Сантʼяга-дэ-Чылі, 1935), як вынікае з назвы, складаецца з трох узорна сюррэалістычных навэл, напісаных супольна чылійскім паэтам Вісэнтэ Уідобра і французскім мастаком Хансам (Жанам) Арпам падчас летняга адпачынку 1931 года ў вёсцы Аркашон на поўдні Францыі. Як вынікае з ліста Уідобра Арпу, напісанага ў Пальма-дэ-Маёрка ў жніўні 1932, Уідобра пераклаў першапачаткова напісаныя па-французску гісторыі на іспанскую і адправіў выдаўцу ў Барселону, які адмовіўся выдаваць іх асобнай кнігай з прычыны недастатковай колькасці тэксту, пасля чаго ён дапісаў (самастойна і, хутчэй за ўсё, адразу па-іспанску) яшчэ два аповеды. Такім чынам, кніга з пяці тэкстаў выйшла ў Чылі ў 1935 годзе.