Паэзія Джойс Мансур стала беспрэцэдэнтнай зʼявай у літаратурным ландшафце пасляваеннага сюррэалізму. Перабраўшыся з Каіра ў Парыж у 1953 годзе, Мансур адразу ўвайшла ў кантакт з сюррэалісцкай групай на чале з Андрэ Брэтонам, ейным заступнікам і блізкім сябрам, які назваў яе найлепшай з сучасных паэтаў. Дэбютны зборнік Крыкі (Cris, 1953), выбранымі перакладамі з якога дзелімся, уяўляе сабой адну з найцікавейшых спроб выпрацоўкі жаночага сюррэалісцкага пісьма: надзвычай прамалінейная, правакатыўная, месцамі парнаграфічная, ліхаманкава-экстатычная паэзія Джойс Мансур аказала бясспрэчны ўплыў на развіццё фемінісцкай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя.