Федэрыка Гарсія Лорка
Ода Сальвадору Далі

Federico García Lorca

Oda a Salvador Dalí

Пераклад Макса Шчура
За мурам у табой жаданым садзе — ружа.
Колца ў жалезным сінтаксічным апараце.
Пазбаў гару туману імпрэсіянізму.
Шэрасць дапяла да апошняга бар’еру.

Сучасныя майстры ў майстэрнях белых
памерлы квет з квадратным коранем вымаюць.
У водах Сены мармуровы ice-berg
скоўвае шыбы й прадзіраецца плюшчамі.

Па бруку чалавек рашуча крочыць.
Унікаюць шыбы магіі адбітку.
Крамы з парфумаю зачыненыя Ўрадам.
Машына робіць вечным цотны рытм.

Адсутнасць броваў, шырмаў і лясоў
бадзяецца па старажытных дахах.
Прызма паветра паліруецца аб мора,
і далягляд уздыбіў спіну акведукам.

Матросы, не знаёмыя з віном ці сном,
у морах з волава сірэнам голавы сцінаюць.
Чорная статуя абачлівасці, Ноч
з люстэркам месяца круглявага ў далоні.

Прагненне формы, межаў падпарадкавала нас.
Вось чалавек відушчы з жоўтым метрам.
Венера — проста белы нацюрморт,
а матылёў лаўцы далі ўсе разам дзёру.

У глыбіні вады і ўзвышшаў, Кадакес
хавае ракавінкі, уздымае сходні.
Драўляныя жалейкі ўтаймавалі вецер.
Дзецям раздаў плады стары бог лесу.

Спяць рыбакі на пляжы сном без сноў.
У акіяне ружа ім заменіць компас.
Цнатлівы далягляд, дзіравым высланы рыззём,
шкло рыбнае злучае з месяцовым.

Вянок калючы з белых брыганцінаў
на лбах салёных, валасох пясчаных.
Сірэны хочуць нас запэўніць, не зачараваць,
і аддаюцца за вадзіцы пітнай шклянку.
*
О, Сальвадор Далі алеевагалосы!
Я не ўспяваю пэндзаль твой юначы
ці фарбу, што віруе вакол фарбы твайго часу,
але ўслаўляю тваю прагу вечнасці штодзённай.

Душа-чысцюля, ты жывеш на новым мармуры.
Цябе лякае цёмны лес неверагодных формаў.
Мяжа твайго ўяўлення — дотык тваіх пальцаў,
пяе санэты мора пад вакном табе на ўцеху.

Свет, першым чынам — непарадак і хаос,
аглухлы змрок, як людзі часта адзначаюць.
Тым часам зоркі, хоць і тояць краявіды,
але ж свае арбіты нам рысуюць дасканала.

Плынь часу ўтаймаваная дарэшты
нумарам гэтага ці іншага стагоддзя.
Смерць пераможаная схованкі шукае
ў маленькім колцы гэтае хвіліны.

Палітру ўзяўшы, бы ўзмахнуўшы крыллем,
святло ты просіш ажывіць нябыту келіх.
Шырокае святло Мінервы, творцы рыштаванняў,
дзе месца сну няма з ягонай флорай цьмянай.

Ты просіш старажытнага святла, што застаецца
на твары, рота й сэрца не крануўшы.
Святла, якога Вакхаў вінаград
і моц жахлівая раз’ятранай вады баяцца.

Ты ўткнуў зіхоткія засцерагальныя сцяжкі
між днём і ноччу на мяжы няпэўнай — так і трэба!
Мастак, не хочаш ты, каб твой абрыс змякчала
бавоўна зменлівая непрадбачнай хмары.

У сеці — рыбе, ў клетцы — птушцы месца.
Не трэба вынаходзіць мора й вецер.
Копіі іхніх спрытных целаў ты ствараеш
пасля даўгога сузірання шчырых зрэнак.

Ты любіш пэўны і дакладны матар’ял,
дзе цвіль і плесня не знаходзяць месца.
Ты любіш дойлідства, што ўзносіцца ў адсутным,
сцяг успрымаючы нібы звычайны жарцік.

Сталёвы компас счытвае кароткі, гнуткі верш.
Больш неадкрытых астравоў не засталося.
Стромкая лінія з намогай мкнецца ўгору,
мудрае шкло вядзе геаметрычны спеў.

Але таксама — ружа ў садзе, тваім доме.
Заўсёды ружа, поўнач наш і поўдзень!
Самазаглыбленая статуя сляпая
не бачыць бураў пад зямлёй, узнятых ёю.

Чыстая ружа, што збаўляе мудрагельстваў,
эскізаў, крылы ўсмешкі расхінае
(матыль прышпілены, што марыць аб палёце).
Ружа гармоніі, што не шукае болю.
Заўсёды ружа!
*
О, Сальвадор Далі алеевагалосы!
Я паўтараю словы тваіх твораў і асобы.
Я не ўспяваю пэндзаль твой юначы,
але кірунак пэўны тваіх дзідаў.

Пяю намогу каталанскага святла,
яна тлумачыцца тваім каханнем.
Пяю тваё астранамічнае, чуйнае сэрца,
карту таро без аніякіх драпін.

Пяю твой жарсны пераслед жаданай статуі,
Страх і пачуцці, што паўсюль цябе цікуюць.
Пяю сірэну ў моры, што пяе табе
й імчыць на ровары з ракушак і караляў.

Але ж найперш пяю адзінства думкі,
што нас яднае ў часе золата і цемры.
Не, не Мастацтва асляпляе нас. Перадусім —
гэта каханне, бой на шпагах і сяброўства.

Яны ранейшыя за сну пазбаўленыя грудзі
святой Тэрэзы, што ты сцішана малюеш,
за локан сушаны няўдзячнае Матыльды,
за ператвораную ў гульні гусак блізкасць.

На залатым — крывавых пальцаў стужкі
няхай барозняць сэрца вечнай Каталоніі.
Зорка, зацятая ў кулак без сокала, няхай
ззяе табе, хай твае век і жывапіс квітнеюць.

Клепсідру з крыламі мембраны ігнаруй,
на лёзы алегорыяў лепш не зважай таксама.
Мачай у вецер пэндзаль, апранай яго ды распранай
ля мора, люднага ад караблёў і афіцэраў.
Каментар
Федэрыка Гарсія Лорка — знакаміты іспанскі паэт і драматург, адна з найбуйнейшых фігур іспанскай літаратуры ХХ стагоддзя. У выпрацоўцы свайго творчага светапогляду Лорка, сплаўляючы мадэрнісцкія формы з архаічнай, народнай паэтычнай стыхіяй, быў блізкі да ўльтраізму і сюррэалізму. Напрыканцы 1920-х гадоў праз Сальвадора Далі і Луіса Бунюэля, таварышаў па ўніверсітэце і творчых аднадумцаў, паэт знаёміцца з дзейнасцю парыжскай групы сюррэалістаў, але не прымае цалкам прынцыпаў іх эстэтыкі, у першую чаргу аўтаматычнага пісьма. Тым не менш праца з іррацыянальным і ўстаноўка на міфалагічнае пераўтварэнне рэчаіснасці нярэдка збліжае Лорку з сюррэалістамі, што асабліва заўважна ў зборніку Паэт у Нью-Ёрку (Poeta en Nueva York, 1930).

Ода Сальвадору Далі, якога з Лоркам звязвала сапраўднае адзінства думкі, была апублікаваная ў красавіку 1926 года ў Revista de Occidente. Адзначым, што ў гэты перыяд Далі распрацоўваў уласны стыль святой аб’ектыўнасці, яшчэ не падобны да пазнейшых сюррэалісцкіх вопытаў, адзначаны яўным уплывам кубістычнага жывапісу. Ода зяўляецца, з аднаго боку, сведчаннем глыбокага захаплення, адмысловай сувязі паміж паэтам і мастаком, з іншага своеасаблівым эстэтычным эксперыментам па транспазіцыі жывапіснай тэхнікі Далі ў славесную форму, з чаго вынікаюць ускладненыя, амаль гангарысцкія, інтуітыўна сюррэалістычныя метафары.

Тэкст быў перакладзены на французскую Полем Элюарам і Луі Паро ў 1938 годзе, два гады пасля забойства паэта іспанскімі нацыяналістамі.

Кадакес — мястэчка ў Каталоніі, дзе Далі шматкроць праводзіў летні адпачынак, у тым ліку разам з Лоркам. З 1930 года — пастаянная творчая рэзідэнцыя мастака.