Мішэль Лерыс
Авантуры жыцця Жана-Арцюра Рэмбо

Michel Leiris

La vie aventureuse de Jean-Arthur Rimbaud

Пераклад Веры Бакстэр
Я не ўяўляю, чым яшчэ магла б быць паэзія, як не формай выяўлення істотнага бунту чалавека супраць абсурдных законаў сусвету, куды ён аказаўся закінуты супраць уласнай волі. Некаторыя дойдуць да знямогі ў ляментацыях пра марнасць існавання, але тое не ёсць сапраўдны бунт: едкая меланхолія не ўзбуджае ніякай волі да разбурэння. Іншыя возьмуцца за сістэматычнае разбурэнне ва ўласнай свядомасці любых паняццяў, здольных натхніць на якое-кольвек дзеянне: любое дзеянне, на іхнюю думку, дапускае хоць мінімальны аптымізм, пэўны прагматызм, паводле якога мы мяркуем пра рэчы па іхніх рэзультатах, і ад гэтага трэба адмовіцца гэтаксама, як ад усяго іншага, бо пайсці на ўступку — значыць прыняць. Тыя іншыя так і застынуць у вечнасці бязрадаснымі стоўпнікамі, ахвярамі маскітаў ды іншых насякомых прымірэнства, загадзя скарыўшыся перад любымі зняважлівымі паразамі, якія толькі можа нанесці жыццё, не здолеўшы ўсвядоміць, што прыняць гэтую мінімальную паразу (калі яе ўвогуле можна так назваць) — неабходнасць; яна не выклікае вялікага сораму, бо здольная спарадзіць максімум разбурэнняў пад пагрозай іншых разбурэнняў, і яшчэ суровейшых.
Пэўны час чалавек можа трымацца думкі, што паэзія — найрэальнейшы з дадзеных яму спосабаў азначыць свой бунт. Яму здаецца, што ён парывае з матэрыяльным сусветам, захоўваючы з ім сувязь выключна праз няўцямную магію слоў, падрываючы ягоныя парадкі варушэннямі тых жа слоў, часам наважаючыся стварыць новы свет па ўласным вобразе і падабенстве… Ён думае, што разбіў усе ланцугі, што зрокся любых форм прыняцця. Аднак ён забывае, што ягоная сістэма яшчэ падпарадкоўваецца ўмоўнасці мовы (бадай, самай гнятлівай з усіх умоўнасцей), ды матэрыяльны сусвет яшчэ існуе, ён побач, ва ўсім размаітым харастве сваёй брыдкасці.

Але звычайна гэтая слепата праходзіць. Нязгода паэта з ідэямі, фразамі, словамі ў скорым часе раскрывае яму, як запляміў ён сваё сумленне, якой мізэрнай і нерэальнай напраўду была ягоная ўлада над светам з дапамогаю слоў. Паэзіі больш нестае, каб суцішыць ягоны бунт, і паэт выходзіць у свет на пошукі спосабаў скасаваць ненавісныя законы.

Пры ўмове, што ў ягоную эпоху і ў ягонай краіне яшчэ можна верыць у магію, ён стане чарадзеем, ці некрамантам, ці заключыць дамову з сіламі пекла, абы нарэшце стаць уладаром зямнога царства. Калі ж сучасныя свяцілы не дадуць яму сур’ёзна звярнуцца да падобных захадаў, ён рацыянальна возьмецца вычарціць дэтальны план сваёй турмы, абы ўсвядоміць магчымыя шляхі стаць ейным гаспадаром.
Для пачатку ён канстатуе, што законы фізікі зменам не паддаюцца. У ранейшыя часы галюцынацыі маглі б даць яму ілюзію гэтых змен; цяпер жа ён ведае, што пасля абуджэння пачуццё цяжару нікуды не знікае, ні пульс, ні віраванне крыві ў жылах. Тады ён вырашыць адыграцца на другарадных законах, рабом якіх ён таксама з’яўляецца — законах грамадства. Страшэнны ціск узбудзіць у ім агіду да ідыёцкіх законаў, выдуманых людзьмі для знявольвання сабе падобных: ён стане лікантропам, анархістам, ён падніме паўстанне супраць любых сацыяльных адносін, навязаных ягонай асобе. Яму прыйдзе ў галаву, што ён зможа скінуць гэтае ярмо, раздавіць яго — зноў утопія, бо законам наканавана раздавіць яго хутчэй, і чалавек не паспее зламаць іхнюю непахіснасць.

Зразумеўшы, што індывідуальны бунт можа прывесці толькі да самаразбурэння, пазбаўляючы тым самым магчымасці змяніць, то-бок разбурыць, нешта ў сусвеце, чалавек адмовіцца ад яго. Замест гэтага ён звернецца да сацыяльнай Рэвалюцыі — адзінага дзейснага шляху да ажыццяўлення бунту, адзінага сродку перамяніць каштоўнасці. Ён усвядоміць, часткай якога каласальнага перавароту ён можа стаць, хаця б у сваім асяроддзі, калі стане на бок прыгнечанай большасці ў барацьбе супраць меншасці прыгнятальнікаў. Няхай адносна абсалюту гэты пераварот і здасца нечым нязначным, але прынамсі для аднаго чалавека гэта найбольшае, што ён калі-кольвек зможа зрабіць, і гэтага, бясспрэчна, дастаткова, каб пачуццё бунту канкрэтызавалася, каб з цьмянага і абстрактнага яно зрабілася дакладным, адчувальным, а значыць, і здатным разгладзіць хаця б адну зморшчыну на твары Сусвету.

Толькі Рэвалюцыя можа вызваліць нас ад ганебнага цяжару мёртвых перажыткаў. З яе закрынічыць татальнае абнаўленне чалавечых адносін. Дзякуючы ёй, увесь спарахнелы, прагнілы каркас сучаснай думкі распадзецца ў нішто. Мяркую, гэтых матываў дастаткова, каб кожны сапраўдны паэт аддаўся гэтай справе душой і целам.
Усё гэта, верагодна, слаба звязана з кнігаю Жана-Мары Карэ, прысвечанай жыццю Рэмбо.

Арцюр Рэмбо, французскі паэт і падарожнік, паведамляе слоўнік Лярус. Дадам жа: і рэвалюцыянер…

Уся сапраўдная паэзія ёсць неаддзельнай ад Рэвалюцыі.
Каментар
Артыкул быў упершыню апублікаваны ў сацыялісцкім часопісе Клартэ (Clarté, №2, ліпень 1926). Тэкст мусіў прадстаўляць сабой рэцэнзію на аднайменную біяграфію Арцюра Рэмбо, выдадзеную літаратуразнаўцам Жанам-Мары Карэ ў тым жа годзе; аднак, як прызнае сам Мішэль Лерыс, ягоныя развагі маюць мала агульнага са звычайнай рэцэнзіяй.

Час напісання артыкула выпадае на момант актывізацыі грамадскай дзейнасці сюррэалісцкай суполкі. Сярод найважнейшых задач руху ў другой палове 1920-х паўстае абгрунтаванне сюррэалізму у тым ліку як радыкальнай палітычнай пазіцыі. З гэтай прычыны істотным становіцца пошук не толькі эстэтычных, але адначасова ідэялагічных папярэднікаў сюррэалізму. Адной з такіх фігур і становіцца Арцюр Рэмбо.

лікантроп — пярэварацень, здольны пераўтварацца ў ваўка; ваўкалак. Намёк на рамантыка Пэтруса Барэля (Petrus Borel), протасюррэаліста, які называў сябе Лікантропам.
Made on
Tilda