Адысэас Элітыс
Сем начных Сямівершаў

Οδυσσέας Ελύτης

Επτά νυχτερινά Επτάστιχα

Нізка вершаў / пераклад з грэчаскай і каментар Мц.
І

Мроі і мроі прыйшлі
На нарадзіны язмінаў
Ночы і ночы на белую
Бессань лебедзяў

Падзь нараджаецца на лісці
Нібы на бязмежным небе
Чыстае пачуццё.


ІІ

Прыхільнае зорнае святло прынесла цішыню
І следам за цішынёю пракралася мелодыя
Каханка
Чараўніца ранейшых гукаў

Цяпер застаўся цень і ён слабне
І надламаны давер яго
І невылечная млосць яго — тут.


ІІІ

Усе кіпарысы ўказваюць дзе поўнач
Усе пальцы
Цішыня

За прачыненым акном мроі
Паволі разліваецца
Споведзь
І як позірк ухіляецца да зор!


IV

Плячо аголенае
Як праўда
Плаціць за сваю дакладнасць
На гэтай акраіне вечара
Што зарэе ў самоце
Пад таямнічым маладзіком
Маёй настальгіі.
V

Неасцярожную ноч захапілі ўспаміны
Ліловыя
Чырвоныя
Жоўтыя

Расхінутыя рукі яе напоўнілі сон
Лёгкія валасы яе вецер
Вочы яе цішыню


VI

Неразгаданая ноч гаркота без краю
Бяссоннае павека
Перад тым як адшукаць галас згарае боль
Як захаваць раўнавагу хіліцца згуба

Засада вырачаная на пагібель
Як сілагізм з марнага меандру
У нагах свайго лёсу аддаецца скрусе.


VII

Дыядэма месяца на абліччы ночы
Калі цені дзеляць міжсобку паверхню
Дзеі

І боль змераны спрактыкаваным вухам
Нявольна распадаецца
Пасярод ідэі што глуміцца ад тужлівага
Адбою.
Каментар
Прадстаўленая нізка ўваходзіць у першы зборнік Элітыса Арыентацыі (Προσανατολισμοί, 1941), у які паэт таксама ўключыў адны з самых вядомых сваіх вершаў. У зборніку асаблівая ўвага нададзеная структурнаму афармленню матэрыялу, часам амаль матэматычнаму, што ілюструюць Сем начных Сямівершаў. У Арыентацыях Элітыс распрацоўвае сваю адметную сонечную метафізіку ў меншай ступені, чым у наступных зборніках, як то Сонца Першае ці Годна ёсць, але пры гэтым выразна афармляе сюррэалісцкую прызму, пра што фармальна сведчыць не толькі паэтыка вершаў, а яшчэ і прысвячэнні як французскім сюррэалістам (Андрэ Брэтону), так і грэцкім (Андрэасу Эмбірыкосу). Сем начных Сямівершаў і ў гэтым кантэксце становяцца цікавым прыкладам, бо паэзія адбываецца ў той перыяд дня, калі сонца толькі збіраецца набраць сілу, калі меланхалічны спакой ночы рыхтуецца сустрэць упарадкаваны і разлічаны хаос сонца і экспрэсіўнасць марскіх хваль.