Рэнэ Крэвэль
Дзяцінства мастацтва

René Crevel

L’Enfance de l’art

Пераклад Зоські Рубін
Рысаваць — гэта кідаць сетку вобразаў на тое, чаму мы не хочам дазволіць выслізнуць; гэта заключыць нейкую істоту ці нейкую рэч у вырыс, тым самым зняволіўшы іх, асудзіўшы на заняпад. Каб авалодаць, трэба пазнаць, а пазнаць — значыць спачатку апісаць, высветліць і тым самым абмежаваць тыя сілы, чыя множная слепата разарвала б, задушыла б таго, хто апісвае, не размясці ён паміж сабой і апісаным уласна апісанне з яго кратамі пісьма, з дротам колераў. Вось што абараняе, але і аддаляе чалавека ад таго, да чаго ён акурат спрабаваў наблізіцца.

Першым малюнкам чалавека на сцяне яго пячоры стаў сілуэт жывёлы. Уладарны крэмень, якім чалавек яго высек, з сапраўднай сейсмаграфічнай дакладнасцю сцвярджаў волю — вынік патрэбы — перайначыць суб’ект трывогі ў аб’ект карыстання.

Няхай бы нават лютыя лясныя зверы перарадзіліся ўва ўкормленых прыручаных жывёл, неўтаймаваным відам усё адно няма чаго чакаць літасці. Таму як яны — бакавіны гэтага камяністага ўлоння, сцены гэтых пакояў, куды жаданне вярнуцца ў чэрава маці прыводзіць жвавейшых з іх дзеля ежы ці сну — былі занадта голыя, леў павінен быў скарыцца і пераплавіцца ў смяхотную бронзавую фігурку, і прыняць, што з вышыні сапраўднага французскага каміна, куды яго паставілі, няма іншага выйсця, апроч як глядзець, як сям’я наразае грушу на дзве часткі, на чатыры, на шэсць, на восем. У перадпакоі драўляная скульптура мядзведзя асуджаная скругліць лапы, каб служыць у якасці вешалкі для парасонаў. А вось ізноў леў, у гэты раз — прэс-папье, ці то дома, ці то на сталічнай плошчы Данфэр-Рашро, — абы ні ў якім разе не ўзляцеў лёгенькі Манпарнас.
Колькі занадта знаёмага відачынства, колькі быццам бы дабрадушнага, а напраўду падступнага чарадзейства, для таго каб збрыдзіць носьбітаў дзівосных пашчаў! Адзіная рэч, на якой у звярынцы не эканомяць — марфін. Госпадзі! Не хапала яшчэ, каб звярам прыйшло ў галаву раўці, быццам яны ды буржуа, якія прыйшлі іх дражніць — усе са скуры ды са шпіку — ніколі, як той казаў, свіней разам не пасвілі.

Калі настальгія па нейкай дзікасці зацягне вас у Акліматызацыйны сад, зайдзіце ў заапарк з маладымі жывёламі — і вы ўбачыце, наколькі жудасна вашы супольнікі па родзе чалавечым абыходзяцца з дзіцянятамі чатырохногіх. Двух ільвянят гадуе сучка кшталту жонкі супрэфекта. Скопішчы медзведзянят дарэмна туляцца да дзвярэй дзіцячага садочка, зачыненых перад самым носам. Марскія свінкі жывуць у лепшых умовах — выходзяць са свайго горнага шале. Чалавечыя дзеці падаюць бутэлечкі парасятам. Што за выдатны жарт гэтая пародыя, далібог! Прыйшлі палюбавацца вольнай гульнёй інстынкту, а ўбачылі гадавальнік бюракратаў.
Скарыстацца рухам — значыць схапіць яго. Крыніцай энергіі з’яўляецца гвалт. Толькі ён і можа ёй быць. ХХ стагоддзе, гэты электрык, паклала сабе ў кішэню паток, апеты ХІХ стагоддзем. Паэту ж няма на што скардзіцца, бо на кожным яго кроку б’юць гейзеры. Адзін страчаны вадаспад — дзесяць знойдзеных. Разліваць іх па бутэльках — доля іншых. Толькі ўяўленне здольнае знаходзіць крыніцы. Такім чынам, пагарда, пад якую яно падпадае, сведчыць пра кепскую ўладкаванасць свету, часу.

Асобны чалавек толькі і хоча, каб асобны факт яго існавання пацвярджаў агульную (але не будзем перабольшваць) магчымасць уздзеяння чалавечага роду на сусвет, у той час як сам гэты род, як і асобны чалавек, не ўсведамляе ўплыву сусвету на сябе. Адсюль — антрапацэнтрызм, эгацэнтрызм і наіўнае захапленне суб’ектыўным. Кожны лічыць сябе адзіным суб’ектам, які рухаецца ў замерлым асяроддзі аб’ектаў. Таму ўнутраны свет саступае месца вонкаваму. Але першы — усяго толькі адлюстраванне другога, а мёртвай рэчы — мёртвае адлюстраванне.

Шырма з зазвыклых вобразаў. Усё перастае быць празрыстым. Выхаванне пачуццяў забараняе ім як-кольвек супрацоўнічаць. Няма нічога, што б гэты падзел працы ўспрымання не здолеў бы сцерці ў пыл. Гэтая цемрадзь, гэтае цемрашальства робяць магчымым абагаўленне сумежнага муру разам з яго жаночай асобінай — герметычнай перагародкай.
Зямельныя кадастры, такія традыцыйныя і незвычайныя, супрацьстаяць любому руху. Каб расстаўляць на сваім шляху тычкі, чалавек не прыдумаў лепшай меры за сваю ўласную. Ашчадная нават у сваіх міфах Грэцыя прыдумала Нарцыса і ўкінула яго ў крыніцу, дзе ён пераўтварыўся ў камень. У нашы часы Камандор, мараліст з акамянелым сэрцам, таксама больш не супрацівіцца спакусе пераўтварыць у мінерал найжывёльнейшага Агасфера кахання — Дон Жуана. І тым не менш, параз’яданая лішайнікамі і мхамі, нявіннасць гніе нават у самых пыхлівых статуях. Можна было б ужо страціць надзею, калі б Залаты век не паказаў нам, між іншым, якімі вуснамі жаданне можа ажывіць мармуровую ступню.

Адначасова з сюррэалісцкім кіно, сюррэалісцкія аб’екты ажывілі трупы рэчаў — канкрэтна і без усякіх метафар.

Аб’екты з сімвалічным функцыянаваннем. Пасля люстэркаў, што пераўтваралі ў камень, і люстэркаў, што скажалі выяву, гэта — люстэркі перайначвання. Размаітыя элементы, сабраныя ў адно праз агульныя для іх жыццёва важныя ўзаемаадносіны, упісваюць у прастору — з пластычнай бесклапотнасцю, разнявольваннем рыс, зрушанасцю ліній — водгулле таго жадання, якое адно толькі і здольнае надаць часу яго выпраменьвальную, выпраменьваючую глыбіню.

Каментар
Артыкул быў надрукаваны ў першым выпуску мастацкага часопіса Мінатаўр (чэрвень 1933).

на сталічнай плошчы Данфэр-Рашро — пасярэдзіне плошчы Данфэр-Рашро, якая месціцца ў творчым квартале Манпарнас, пасля Франка-прускай вайны была ўстаноўленая вялізная скульптура льва.

Акліматызацыйны сад — парк адпачынку ў Булонскім лесе, былы заапарк для экзатычных жывёл (адсюль назва).

Залаты век (1930) — фільм Луіса Бунюэля, найвыбітнейшы ўзор сюррэалісцкага кінематографа.