Плезіязаўр спаў між маіх вачэй
пакуль музыка дагарала ў лямпе
і краявід адчуваў палкасць Трыстана і Ізольды.
Тваё цела ўклалася на маім,
як рука ўкладаецца на тым, што хоча схаваць;
з садранай скурай,
ты мне паказала свае драўляныя цягліцы
і букеты юру,
якія можна было б зрабіць з тваіх вен,
Чуўся галоп зуброў у перыяд гону
у нашым валоссі, трапяткім, нібы лісце ў садзе;
усе любоўныя дыялогі падобныя адзін да аднаго,
усе яны маюць ідыёцкія акорды,
але грудзі сціскаюцца
музыкай старажытных успамінаў;
пасля прыходзіць малітва і вецер,
вецер, які тчэ гукі на вастрыі
салодкасці крыві,
выцця, што стала плоццю.
Якія спадзевы, якія жаданні разбітых мораў,
ператвораных у нікель,
або ва ўсеагульную песню пра тое, што магло б стаць трагедыяй,
народзяцца, як птушкі з нашых сцятых вуснаў,
пакуль смерць уваходзіць у нас праз ногі?
Працягненая, нібы мост з каменных пацалункаў, прабіла першая.
Другая праляцела, скрыжаваўшы рукі на грудзях.
Трэцюю можна было пачуць далей за смерць.
Чацвёртая ўжо дрыжэла ад світання.
Пятая накрэсліла цыркулем круг-перадатчык дня.
А шостай пачуліся званочкі альпійскіх коз,
якіх манахі вялі да алтара.