Андалузскі сабака — гэта штучна складзены poemario (паэтычны зборнік) з нататнікаў Луіса Бунюэля. Сам паэт адмовіўся ад ідэі публікацыі зборніка, над якім працаваў у 1927-1929 гадах, і замест гэтага назваў так свой кароткаметражны фільм, зняты сумесна з Сальвадорам Далі. Усяго ў poemario ўвайшлі 10 тэкстаў Бунюэля, якія часам публікуюцца разам са сцэнарыям да фільма.
Сама назва, як і зборнік агулам, іранічная і анекдатычная, бо, як зазначыў Далі, No sale un perro en todo el libro (У кнізе не ўзгадваецца ніводны сабака). Рэдактар новага выдання Андалузскага сабакі Жордзі Шыфра вызначае жанр тэкстаў як cinepoemas (кінавершы), паколькі паэтычныя вобразы Бунюэля перацякаюць у яго кінематаграфічныя працы, і наадварот.
Вершы Бунюэля візуальна насычаныя, калейдаскапічныя і абсурдныя. Нягледзячы на своеасаблівую дураслівасць, паэт даследуе ў сваёй творчасці глыбокія тэмы: спосабы светаразумення і светастварэння, стасункі чалавека з космасам, вандроўкі ў часе і прасторы. Такая калажная, рознабаковая і глыбока персаналізаваная структура дазваляе чытач:кам акунуцца ў віры мрояў, асацыятыўных і часта рэзкіх вобразаў праз кінематаграфічную логіку.