Я разбураю, бо ўсё, што паходзіць ад розуму, мне не пасуе. Цяпер я веру толькі ў сведчанні таго, што ўзбуджае маю сарцавіну, а не таго, што звяртаецца да майго розуму. Што да нервнай сістэмы, то я адкрыў у ёй розныя паверхі. Цяпер я адчуваю ў сабе здольнасць вылучыць розныя віды сведчанняў. Для мяне існуе сведчанне ў прасторы чыстай плоці, і яно не мае нічога агульнага са сведчаннем розуму. Адвечны канфлікт паміж сэрцам і розумам вылучаецца ў самой маёй плоці, але ж плоці, пранізанай нервамі. У прасторы няўлоўна пачуццёвага вобраз, вынашаны маімі нервамі, прымае форму найвышэйшай разумовасці, і я адмаўляюся пазбаўляць яго гэтай якасці. Менавіта такім чынам я спрыяю нараджэнню пэўнай задумы, якая нясе ў сабе саму бліскучую навальніцу рэчаў, якая захоплівае мяне громам сатварэння. Ніводны вобраз не задавальняе мяне, калі ў той жа час ён не ёсць Пазнаннем, калі ён не прыносіць разам з празрыстасцю яшчэ і змястоўнасць. Стомлены дыскурсіўным розумам дух прагне трапіць у шасцярні новай, абсалютнай гравітацыі. Для мяне гэта нешта кшталту вярхоўнай перабудовы, удзел у якой прымаюць толькі законы Алагічнага, а перамагае вынаходжанне новага Сэнсу. Сэнсу, які загубіўся ў бязладдзі наркотыкаў, Сэнсу, што надае рысы глыбіннага разумення нават супярэчлівым прывідам мар. Гэты Сэнс ёсць перамогай духу над самім сабою, і хаця розум не можа яго раскласці, ён існуе, няхай выключна ўнутры духу. Ён ёсць парадкам, ён ёсць разуменнем, ён ёсць азначэннем хаосу. Але ён не прымае гэты хаос як ёсць, ён растлумачвае яго, а растлумачыўшы губляе. Ён ёсць логікай алагічнага. І гэтым усё сказана. Мая празрыстая неразумнасць не баіцца хаосу.